Амерыканскія крылатыя ракеты вернуцца ў Германію ўпершыню з часоў халоднай вайны
Ракета "Тамагаўк"
Амерыканскія крылатыя ракеты будуць "эпізадычна" размяшчацца ў Германіі ўпершыню з заканчэння халоднай вайны, піша ВВС. Пра гэтую пастанову абвясцілі падчас саміту NATO, які зараз праходзіць у Вашынгтоне.
Гаворка ідзе пра крылатыя ракеты "Тамагаўк", SM-6 і гіпергукавыя ракеты, якія валодаюць значна большай далёкасцю палёту, чым тыя, якія ўсталяваныя ў Германіі цяпер. Іх могуць пачаць размяшчаць на тэрыторыі краіны ЕС з 2026 года.
Намеснік міністра замежных спраў Расіі Сяргей Рабкоў назваў абяцанне размясціць у Германіі новыя ракеты пагрозай.
"Гэта ўсяго толькі звяно ў ланцугу курсу на эскалацыю", — сказаў ён.
Размяшчэнне падобнай зброі было забароненае паводле дамовы 1987 года, якую заключылі ЗША і былы Савецкі Саюз. Паводле гэтай дамовы забаранялася размяшчэнне ракет наземнага базавання, якія могуць пераадольваць адлегласць у 500-5500 кіламетраў. Бакі абавязаліся знішчыць усе комплексы балістычных і крылатых ракет наземнага базавання сярэдняй і меншай далёкасці, а таксама не вырабляць, не выпрабоўваць і не разгортваць такія ракеты ў будучыні.
У 2018 годзе NATO афіцыйна абвінаваціла Расію ў парушэнні дамовы, зрабіўшы заключэнне, што Расія распрацавала і разгарнула ракетную сістэму 9М729, што парушае дамову РСМД. Вашынгтон сцвярджаў, што гэтая крылатая ракета магла несці ядзерны зарад і мела далёкасць палёту, якая не адпавядала ўмовам дагавора. ЗША канчаткова выйшлі з дамовы ў 2019 годзе пры прэзідэнце Дональдзе Трампу, затым тое ж самае зрабіла і Расія.
Канцлер ФРГ Олаф Шольц заявіў, што размяшчэнне амерыканскіх ракет у Германіі "ўмацуе мір" і дапаможа ў стрымліванні Расіі. Міністр абароны Германіі Борыс Пісторыус лічыць, што часовае размяшчэнне амерыканскай зброі на тэрыторыі Еўропы дасць краінам ЕС час падрыхтавацца і ўкласці ўласныя інвестыцыі ў распрацоўку і закупку ракет большай далёкасці. Але палітыкі з нямецкай партыі зялёных (уваходзіць у кааліцыю Шольца) раскрытыкавалі канцлера за адсутнасць тлумачэнняў.
"Гэта можа нават узмацніць страхі і пакінуць месца для дэзінфармацыі і падбухторвання", — сказала прэс-сакратарка партыі газеце Rheinische Post.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.