Андрэй Хадановіч пераклаў на беларускую верш Мікіты Моніча “пра Аляксандра”
Паэт Андрэй Хадановіч пераклаў на беларускую мову верш Мікіты Моніча “пра Аляксандра”. Пасля публікацыі верша ў “Фэйсбуку” Моніч быў вымушаны звольніцца з Нацыянальнага мастацкага музею.
“Выглядае на тое, што чыноўнікі ў Беларусі па-свойму цікавяцца паэзіяй. А Мікіту — павага і падтрымка!”, — напісаў Хадановіч. Вось яго пераклад (правапіс захаваны):
Ваша імя – цьвёрды лоб, што праломіць цэглу.
Аляксандр – “ахоўнік”: каб стада ня зьбегла!
Кіраўнік, а назаўтра – насельнік пекла,
Родзячы мемы, парад свой ладзіць нягегла.Вам і няўцям, што прычынай нашага гневу.
Ворагі ўсюды вам бачацца: справа, зьлева.
Хочацца быць Македонскім – выходзіць Рэва.
А па пладах, як заведзена, судзяць дрэва.Зябка ў палацы, тым болей – палац лядовы.
Пальцы сінеюць, прымерзьлі да вуснаў словы.
Тэрмін канчаецца ваш, і ці будзе новы?
Сьмерць у Кашчэевай голцы. Канец храновы.Слухаюцца халуі, ды ў вачах апаска.
Як выяўляецца, страшнай бывае казка.
Болей ня грэе АЭС, ані Тэсла Маска.
Пройдзены й спалены мост. Чакае разьвязка.Хопіць пужаць ужо, кідаць нязгодных на нары.
Час уцякаць, адпаўзаць за роў, за ангары…
Вы пастарэлі: чвэрць веку – на злосьць нашым марам.
Прыкра, што ўсё выходзіць гэткім макарам.Хутка ўжо развіднее. Бывайце. Годзе.
Борт ваш стаіць на лёдзе – расталым лёдзе.Мы доўга трывалі, пакуль трымалі ў хляве вы
Нашу краіну. Але рукі прэч ад Евы!
Апошнім часам у Беларусі страцілі працу ўжо больш за два дзясяткі творчых людзей, якія смела выказаліся пра палітычныя рэпрэсіі, што адбываюцца ў краіне. Гэта акторы, музыкі, тэлевядоўцы.
У адказ на свавольства ўладаў творчыя людзі зладзілі акцыю #культпратэст — запісалі зварот да ўладаў з патрабаваннем правесці чэсныя выбары і вызваліць палітвязняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.