АВІРы працягваюць ставіць штампікі нягледзячы на ўказ

Як гавораць у аддзеле па міграцыі, спіс не будзе публічным, бо гэта парушае правы чалавека
Як ні дзіўна, але АВІРы нават сёння працягваюць прымаць усіх жадаючых паставіць у пашпарт дазвольны штампік. Пры гэтым не папярэджваюць пра тое, што з 1 студзеня гэты штампік скасуецца.

Еўрарадыё: Я хачу паставіць дазвольны штамп. Праз колькі ён будзе гатовы?

Cупрацоўнік АВІРа: Два тыдні, калі не хутка, а калі хутка — тады 7-10 дзён.

Еўрарадыё: Якія дакументы трэба прынесці?

Cупрацоўнік АВІРа: Трэба прыйсці і запоўніць форму ВВ-1, аплаціце за штамп, калі на год, 35 тысяч – базавая велічыня, камп’ютарныя паслугі.

Еўрарадыё: А ў вас ёсць чарга?

Cупрацоўнік АВІРа: Калі як.

Еўрарадыё высветліла, што АВІРы не збіраюцца вяртаць грошы (35 тысяч рублёў за год) нават тым, хто ўчора забраў свой пашпарт з дазвольным штампікам, які з Новага года адменены. Супрацоўнік АВІРа Партызанскага раёна гаворыць, што грошы магчыма вярнуць, толькі калі чалавек аплаціў квітанцыі і не паспеў падаць на штамп.

Супрацоўнік: Калі ён паставіў штамп, дык жа ў яго стаіць у пашпарце штамп. А калі ён, напрыклад, аплаціў квітанцыі і не паспеў падаць на штамп, тады квітанцыі можна будзе вярнуць. Мы даем даведкі па вяртанні грошай.

Спазніліся і тыя, чый пашпарт зараз знаходзіцца на афармленні ў АВІРы: вярнуць яго назад без адзнакі проста немагчыма.

Такое становішча начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Лідзія Іванчыкава лічыць законным.

Лідзія Іванчыкава: Ёсць толькі тры катэгорыі, калі вяртаецца дзяржпошліна. Першае, калі пошліна была ўнесена ў большым памеры, чым патрабуецца паводле дзейнага заканадаўства. Другое: асоба, якая заплаціла пошліну, адмаўляецца ад здзяйснення дзеяння ці атрыманне дакументаў да звароту ў адпаведную дзяржаўную ўстанову, якая бярэ пошліну. І трэцяе — гэта адмова ў афармленні дакументаў на права выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь.

Пакуль указ прэзідэнта не дайшоў ні да аднаго АВІРа, таму афіцыйна каментаваць яны адмаўляюцца. Лідзія Іванчыкава запэўніла Еўрарадыё, што гэты ўказ не бачыў нават Савет міністраў. Аднак да канца снежня ён прыйдзе ва ўсе АВІРы і замежныя амбасады.

Тым часам стала вядома, што спіс невыязных не будзе публічным, бо, як кажа Лідзія Іванчыкава, гэта парушэнне правоў чалавека. Калі раней чыноўнікі казалі, што хопіць аднаго тэлефоннага званка, каб высветліць, ці ёсць ваша прозвішча ў спісе, то сёння пра гэта чуць нічога не хочуць.

Лідзія Іванчыкава: Вы што! Гэта ж службовая інфармацыя. Давайце вывесім банк даных — гэта ж парушэнне правоў чалавека.

Як стала вядома Еўрарадыё, фармальна пасля 1 студзеня кожны ахвотны можа звярнуцца ў аддзел міграцыі, каб дазнацца, можна яму выехаць за мяжу ці не. Аднак адказу прыйдзецца чакаць… месяц.

Лідзія Іванчыкава: Любы грамадзянін мае права звярнуцца ў нашу службу са сваім пашпартам і ўзяць ў дачыненні да сябе звесткі, абмежаваны яму выезд па-за межы Рэспублікі Беларусь ці не. Такія звесткі, у адпаведнасці з палажэннем, будуць давацца на працягу аднаго месяца.

Намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун гаворыць Еўрарадыё, што не бачыць сэнсу ў тым, каб база стала даступнай для кожнага.

Аляксей Бягун: Яны ведаюць усе цудоўна, чыё права на выезд часова абмежавана. Усе гэтыя асобы ведаюць пра гэта.

Паведамленні пра абмежаванні ў выездзе пачнуць прыходзіць беларусам толькі ў 2008 годзе. І тое, толькі тым, у дачыненні да каго такое рашэнне было прынята пасля 1 студзеня. Па словах Аляксея Бегуна, напрыклад, злосным аліментшчыкам адмаўляюць у дазвольным штампіку і зараз.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі