Баец "ДНР" Хан: Збіраю ў Беларусі гуманітарку для галодных дзяцей (фота)
Былы данбаскі шахцёр распавядае Еўрарадыё пра тое, як пасля ранення яму дапамагла беларуска і навошта ён другі раз прыехаў у Мінск
Баец з пазыўным Хан, які ваяваў на баку прарасійскіх фарміраванняў на Данбасе, падчас перамір'я стаў валанцёрам. На яго старонцы ў сацсетках — шмат гісторый пра кінутых жонак і дзяцей, якія з-за вайны апынуліся ў цяжкім становішчы. У Беларусь ён прыехаў за тонай гуманітарнага грузу, які разлічвае сабраць за два тыдні.
"Майго пляменніка правасекі пакалечылі, бацькі кватэру маю прадалі, каб яго выцягнуць. Усё, што ў мяне засталося — вось гэта "Горка", — так Хан тлумачыць, чаму на ім апранута ўніформа, якую беларусы часта бачаць на фотаздымках з узброенымі прарасійскімі байцамі.
Але для самога мужчыны, як ён кажа, вайна скончылася. Цяпер ён прадстаўляе фонд дапамогі мірнаму насельніцтву.
Да вайны Хан быў шахцёрам, працаваў горнарабочым ачыснога завода. Жыў у горадзе Дзяржынск Данецкай вобласці. Але яго землякі, як сцвярджае Хан, у большасці сваёй выступілі супраць Майдана і новай украінскай улады.
"Мужыкі на шахтах пачалі паднімацца, перасталі адпраўляць вугаль на Кіеў. Пасля таго, як у Адэсе спалілі людзей, сітуацыя абвастрылася. Пачалі з'яўляцца незадаволеныя. Раззброілі міліцыю", — мужчына распавядае пра тое, як патрапіў у "4-ы батальён аплот "Сварожычы".
Але ў ліпені мінулага года, калі ўкраінскія войскі занялі Дзяржынск, Хан з-за кантузіі не змог адступіць у Горлаўку.
"Міна лягла ў суседнюю кватэру. Яшчэ мне шрапнэллю нагу пабіла. Апынуўся адрэзаны ад сваіх. Мяне хавалі сябры. Але дзяўчына, беларуска, забрала мяне з Дзяржынска. Пляменнік вывез мяне на станцыю, а праваднікі хавалі ў сябе ў купэ, дзе сумкі. Праз Украіну я з'ехаў у Беларусь…"
Жыццё ў Беларусі
У Мінску Хан затрымаўся на цэлых сем месяцаў. Здымаў кватэру ў Бараўлянах, працаваў на будоўлі электрамантажнікам. А на Данбас вярнуўся ў красавіку 2015 года.
"Дахаты хацеў вярнуцца яшчэ зімой. Але грошай не было, запазычыліся на працы. Не мог з'ехаць. Дзяўчына таксама затрымлівала. Яна цяжарная была, не мог жа я яе кінуць. Але ў яе здарыўся выкідыш, потым яшчэ і пасварыліся. Так вясной я з'ехаў на Паўднёвы фронт, да сваіх сяброў. Да таго часу мой таварыш прайшоў усе гарачыя кропкі, стаў афіцэрам. А я спачатку быў у навучальным цэнтры. Але на вайне хутка вучацца".
"Кошты ўзляцелі ў разы. У Расіі жа ўсё даражэй"
Да вайны Хан, па яго словах, зарабляў шахцёрам па 1000-1200 долараў у месяц. Тады для Данбаса гэта былі велізарныя грошы. Але сёння кошты выраслі ў некалькі разоў.
"Дзяцей шкада стала. Недаядаюць, грошай няма. Украіна абвясціла поўную блакаду. Гуманітарныя грузы адтуль ужо не заходзяць. Сланечнікавы алей у нас каштуе каля 60 грыўнаў. Гэта недзе 2,5 долара. У Расіі ж усё даражэй. У Горлаўцы зімой бабулі старэнькія паміралі ад голаду. Гэта рэальна было. Людзям і сёння трэба практычна ўсё: ад прадуктаў харчавання да дзіцячых медыкаментаў і памперсаў!"
Пакуль размаўляем, памперсы, лекі і бінты ў нумар Хана прыносяць чатыры чалавекі. А сам мужчына працягвае распавядаць аб праблемах мірных людзей на Данбасе.
"У мяне ёсць сябар — Куля. У яго трое дзяцей. Аднойчы забілі нашага агульнага таварыша, у якога таксама было трое дзяцей. Куля забралаў іх да сябе. Цяпер, атрымліваецца, яму трэба забяспечваць дзвюх жанчын і шасцярых дзяцей. Наша забеспячэнне 15 тысяч расійскіх рублёў. Гэта няшмат, таму што вельмі высокія кошты. Некаторыя байцы ў сталовай не елі кансервы, хлеб. Усё гэта збіралі і перадавалі сям'і Кулі. Аддавалі яму і частку з зарплаты. Такіх гісторый шмат. Побач з нашай "вучэбкай" жыла адна жанчына. У яе двое дзяцей. Калі вайна пачалася, яе кінуў муж. Выжывала за кошт гарода. Ну і салдаты яе кармілі. Галеты, тушонку, кансервы — штосьці не елі, а адносілі ёй…"
Куля (злева) і Хан
Разважаючы пра лёс Данбаса, Хан прагназуе, што яго радзіма паўторыць шлях Прыднястроўя. А Беларусь ён лічыць краінай, дзе і так усё ў парадку:
"Разумееш, свабода слова — гэта глупства, гэта маніпуляцыя народам. Павінен быць парадак, дыктатура і выкананне закона".
Хан плануе прабыць у Беларусі каля двух тыдняў: збярэ гуманітарку, грошы на саляру і вернецца ў неспакойную Данецкую вобласць.