Бан-Жвірба: Абяцаем адмовіцца ад пахабных песень:)
Удзельнікі рок-гурта з прымесcю этна Міця Гаўрылін і Зміцер Вінаградаў распавялі Еўрарадыё пра Гомель, прызналіся, чым яны займаюцца па-за сцэнай.
А таксама расказалі пра новы інструмент, які мусіць з'явіцца ў складзе гурта.
Пра традыцыі і сучаснасць…
Еўрарадыё: Мінулі Каляды. Ці можна было на вуліцах Гомеля падчас зімовых святаў сустрэць гурт Бан-Жвірба ў ролі калядоўшчыкаў? Якім чынам захоўваеце беларускія традыцыі? Святкуеце традыцыйныя святы?
Зміцер Вінаградаў: Калі ў нас не было сем’яў, мы заўсёды святкавалі святы. Зараз менш, будзем казаць шчыра. Але намагаемся святкаваць па магчымасці.
Міця Гаўрылін: Мы адсочваем усе святы, ведаем іх і спрабуем, вядома, сустракацца і нешта рабіць. На Купалле, напрыклад, прасцей збірацца і ладзіць нешта цікавае, бо лета і цёпла.
Зміцер Вінаградаў: Мы, праўда, не вельмі сур’ёзна ставімся да гэтых рытуалаў, таму вогнішча можа і не быць.
Еўрарадыё: У аснове вашай творчасці ляжаць бабульчыны песні. Аднак перавагу вы аддаеце ўсё-такі папулярным і добра вядомым песням. Чаму ігнаруеце больш рэдкія творы народнай творчасці? Ці бываеце ў экспедыцыях?
Зміцер Вінаградаў: У нас як усё адбываецца: прыходзіць Хрысціна і спявае. А мы глядзім, што з прапанаванага ёю кладзецца добра на нашы рок-рытмы, і тады прымаем рашэнне, наколькі гэта ўсё добра гучыць. Тут няма ніякай ідэалогіі, нам усё роўна, наколькі песня папулярная. Для нас істотны вынік.
Міця Гаўрылін: Пакуль гэта хітовыя песні, якія на слыху. Аднак ёсць на прыкмеце ў нас песні гомельскага рэгіёну.
Зміцер Вінаградаў: Так. У нашай новай праграме будуць песні, якія не настолькі вядомыя. Мы ўжо іх робім. А наконт экспедыцый… Мы туды не ездзім. Мы чытаем кнігі, ну, і галоўная крыніца нашых песень – гэта Хрысціна, якая ведае іх процьму.
Міця Гаўрылін: Так, Хрысціна – гэта наша вакалістка, якая з самага дзяцінства ўдзельнічала ў розных фальклорных гуртах, вельмі шмат падарожнічала са сваім калектывам, таму ў яе такі вялікі багаж гэтых песень. Трэба пакорпацца, там можна знайсці шмат цікавага.
Пра новыя песні і Gibson Flying V
Еўрарадыё: Мінула паўгода пасля выхаду вашага другога па ліку альбома. Колькі новых песень вы стварылі за гэты час?
Зміцер Вінаградаў: Дзве. Пакуль што дзве, але ёсць у нас яшчэ песні недаробленыя, якія не ўвайшлі ў апошні альбом, не ведаю, ці будзем мы да іх звяртацца, ці не. Але дзве цалкам новыя песні ўжо маем.
Еўрарадыё: Як пажывае ваш знакаміты Gibson Flying V, здабыты крывёй і потам падчас конкурсу “Рух на асвяжэнне” у межах апошняга “Року за баброў”? Вы ім карыстаецеся?
Зміцер Вінаградаў: Карыстаемся з вялікім задавальненнем! Вельмі дарэчы прыйшлася нам гэта гітара.
Пра Гомель і канцэрты
Еўрарадыё: Увогуле, ці шмат у вас канцэртаў у родным горадзе, па Беларусі, за мяжой?
Міця Гаўрылін: Зараз атрымліваецца, што канцэртаў не так шмат. Калі ўзяць апошнія паўгода, дык пасля “Року за барбоў” іх было 5-6. Гэта былі выступы ў мінскіх клубах, у Віцебску, у Гомелі мы зрабілі сольны канцэрт, прымеркаваны да выхаду альбома. Мы б больш канцэртавалі, але пакуль так атрымліваецца, што ў нас у Гомелі з гэтым складана, бо там больш папулярны стыль цяжкай музыкі.
Зміцер Вінаградаў: Гомель – гэта мекка металу.
Міця Гаўрылін: Так, таму мы, як адзіны, па вялім рахунку, калектыў, які займаецца фолькам, часам не можам знайсці яшчэ некага, каб сыграць разам канцэрт.
Еўрарадыё: То бок, вялікага попыту на этна-музыку ў Гомелі няма?
Міця Гаўрылін: Няма, мабыць, мэнэджэраў, арганізатараў, якія б гэта добра зрабілі, і паказалі народу, што ёсць і такая музыка. У гэтым уся справа. А так, гледзячы па форумах, попыт ёсць. Людзі цікавяцца нашым гуртом, попыт ёсць.
Еўрарадыё: А ходзяць гамельчукі на канцэрты, ці шмат у вас клубаў, дзе можна граць?
Зміцер Вінаградаў: У нас ёсць клубы, і гамельчукі ходзяць на канцэрты. У Гомелі склалася вялікая метал-тусоўка, якая сапраўды добра функцыянуе, і з рэгулярнасцю адбываюцца дастаткова маштабныя мерапрыемствы. Што тычыцца нейкага інды-руху, да якога мы сябе таксама адносім, то тут не так усё добра... Ёсць клубы, ёсць пляцоўкі. Праўда, зараз пляцовак стала менш, таму што чамусьці нашы ўлады вырашылі 3 ці 4 палацы культуры адрамантаваць адначасова. Затое, у наступным годзе будзе ўжо столькі пляцовак, што выбірай – не хачу! Мы ж – культурная сталіца Беларусі 2011 года.
Міця Гаўрылін: Мне падаецца, што і ў Мінску, і ў Гомелі народ стаў менш хадзіць на жывыя выступы. І справа зусім не ў гуртах.
Зміцер Вінаградаў: Народ у інтэрнэце сядзіць, там усё ёсць, там музыка ёсць, там Бан-Жвірба ёсць.
Міця Гаўрылін: Так лягчэй. А збірацца, траціць грошы – гэта ўжо складаней.
Еўрарадыё: Ці не збіраецеся скарыстацца прыкладам гомельскага гурта Рэлікт і пераехаць жыць у Мінск?
Зміцер Вінаградаў: У іх былі падставы, а ў нас падставаў няма. Мы жывем, маем працу, маем сем’і.
Міця Гаўрылін: Нас задавальняе жыццё ў Гомелі. Гомель – таксама цікавы горад, прыязджайце да нас у госці!
Зміцер Вінаградаў: І чаму б вам не пераехаць у Гомель?! Гэта другі па велічыні горад у Беларусі! Можа ў Рэлікта атрымоўваецца займацца толькі музыкай, быць мабільным, з’ездзіць пажыць у Мінск, а ў нас – не.
Пра бухгалтара, настаўніка нямецкай мовы, культарганізатара і “рабацяг”
Еўрарадыё: Дарэчы, чым вы займаецеся па-за сцэнай? Гітары з прымочкамі трэба ж за нешта набываць?
Зміцер Вінаградаў: Гітары мы выйграем, нам іх не трэба набываць, хоць, вядома, набываць шмат чаго даводзіцца. Кожны ўдзельнік Бан-Жвірбы займаецца сваёй справай. Вось Міця ў нас - бухгалтар! Пры чым галоўны бухгалтар на адным з прадпрыемстваў.
Міця Гаўрылін: Сярэдняе прадпрыемства – Маторарэмонтны завод. Даводзіцца займацца бухгалтарскім улікам, што таксама добра, што падабаецца, і не замінае заняццю музыкай. Зміцер у нас – выкладчык нямецкай мовы ва ўніверсітэце імя Францыска Скарыны. Хрысціна Перагудава – культарганізатар, вучыцца зараз ва ўніверсітэце Культуры, ну, і некалькі “рабацяг”(смяюцца). Кожны зарабляе сабе на жыццё, бо без гэтага займацца музыкай складана.
Пра любімую музыку
Еўрарадыё: Хацелася б даведацца пра вашых куміраў у свеце этна-музыкі…
Зміцер Вінаградаў: У нас няма агульных куміраў. А так шмат хто падабаецца. Падабаецца вельмі “Троіца” з этна-музыкі, але мы ж – рокеры, мы больш па року.
Міця Гаўрылін: “Троіцу” давялося ўпершыню пачуць нажыва на “Камяніцы”, гэта было сапраўды цудоўна. Я лічу, што гэта – першы гурт у Беларусі, узровень якога пакуль недасяжны. А так ёсць шмат маладых гуртоў, за якімі я сачу і цікаўлюся іх дзейнасцю.
Зміцер Вінаградаў: Што тычыцца мяне, то я слухаю шмат рок-музыкі розных часоў і розных краін. Менавіта фольку ў маёй фанатэцы амаль што няма.
Еўрарадыё: А што з музыкі вас здзівіла апошнім часам?
Зміцер Вінаградаў: Перыядычна з’яўляюцца альбомы, якія ты не чуў паўтара года, зноў яго паслухаеш, і ён западае.
Міця Гаўрылін: Так, не абавязкова гэта альбом, які выйшаў зараз. Вельмі шмат знаходзіцца цікавай мінуўшчыны, якой захапляліся яшчэ нашы бацькі.
Зміцер Вінаградаў: Я, напрыклад, нядаўна адкрыў для сябе англійскі гурт “Пайлат”, які існаваў у сярэдзіне 70-х. Яны, аказалася, рабілі прыгожую бітлападобную добра зробленую музыку. Гукарэжысёрам быў Алан Парсэнс. Вось такія імёны часам адкрываюцца. Вядома, акрамя іх ёсць такія мастадонты і куміры, як Radiohead ці Muse, якія заўсёды слухаюцца.
Міця Гаўрылін: Дарэчы, хочацца ўзгадаць пра Камерату – цудоўны гурт, які часта наведвае Гомель. Проста супер!
Пра новую праграму, новыя інструменты і сапраўдных музыкаў
Еўрарадыё: Што цікавага будзе ў вашай новай праграме, ці з’явяцца кардынальна новыя фішкі, ці будзеце па-ранейшаму прытрымлівацца сваёй стылістыкі? Можа збіраецеся ўвесці новыя інструменты ў палітру гурта?
Зміцер Вінаградаў: Можа і ўвядзем!
Міця Гаўрылін: Ёсць задумы наконт іншых інструментаў. Ёсць даўняя мара ўвесці клавішныя інструменты. Не атрымліваецца неяк зрабіць праграму адзінанакіраваную, цэласную. Хутчэй за ўсё, гэта зноў будзе праграма, складзеная і з аўтарскіх, і з народных песень.
Зміцер Вінаградаў: Крыху эклектычна яно заўсёды будзе – хай нас за гэта крытыкуюць, хай аблайваюць. Але гэта такі профіль, і мы лічым, што ён такі, прынамсі, толькі ў нас. Але што можа сапраўды памяняцца, дык гэта змест песень: жартоўных і пахабнаватых песень будзе менш, таму што мы ўжо старыя занадта для гэтага. А вось у музычным сэнсе, мне здаецца, будзем прытрымлівацца той плыні, якую мы абралі.
Міця Гаўрылін: У этна-музыцы суседніх краін мяне цікавяць гурты Zdob Si Zdub, Воплі Відаплясава. Таму, хачу падкрэсліць, Бан – Жвірба – не этна-гурт, а рок-гурт з этна-ухілам.
Еўрарадыё: Якім мусіць быць сапраўдны музыка ці музыка які грае рок з этна-ухілам?
Зміцер Вінаградаў: Тут ніякага адрознення няма: музыка павінен жыць
музыкай. Калі ты гэтым жывеш, калі не можаш без гэтага, значыць, ты –
сапраўдны музыка. Астатняе – добра ён грае, кепска – не мае аніякага
значэння. Калі кепска – дык навучыцца, калі не жыве – кіне. Калі трэба –
будзе займацца. Павінна яшчэ быць планка фанатызму, калі ты фанатык –
значыць ты – музыка!
Фота Tarantino а таксама з архіва гурта