“Бардаўская восень”: Сёлета мы атрымалі больш заявак, чым за апошнія гады
Адзін з арганізатараў фэсту Алесь Кот-Зайцаў распавёў, якімі якасцямі трэба валодаць, каб выйграць “Бардаўскую восень”.
Еўрарадыё: Хто пачынаў сваю музычную кар’еру з "Бардаўскай восені"?
Алесь Кот-Зайцаў: Я займаюся фестывалем не так доўга. Да гэтага адборачным турам на конкурсную праграму фэсту займаўся Алесь Камоцкі. За апошнія гады найбольш яскравай зоркай стала Паліна Рэспубліка. Таксама вартым быў Яўген Барышнікаў — пазалеташні пераможца “Бардаўскай восені”. У свой час “Бардаўская восень” дала паважны імпульс майму гурту “Босае сонца”.
Еўрарадыё: Ці расце папулярнасць фэсту?
Алесь Кот-Зайцаў: Я прыйшоў на “Бардаўскую восень” як музыка. У выніку мы так пасябравалі з арганізатарамі “Бардаўскай восені” — Саюзам беларускай моладзі Беласточчыны, што яны прапанавалі мне рабіць гэта на Беларусі. Я сабе паставіў мэту зрабіць з адборачнага туру “Бардаўскай восені” невялічкае адгалінаванне фестывалю, якое б выглядала на фестываль, але адбывалася б у Мінску. Мне здаецца, што ў мяне атрымліваецца: з кожным годам усё больш цікавасці да фэсту і з боку СМІ, і з боку ўдзельнікаў, але найперш удзельнікаў. У гэтым годзе мы атрымалі столькі заявак, колькі не атрымлівалі за апошнія гады. Гэта сведчыць аб тым, што фестываль дае пра сябе ведаць, і для маладых выканаўцаў паўдзельнічаць у “Бардаўскай восені” — гэта ўжо такая добрая мэта.
Еўрарадыё: Наколькі інтэрнэт-галасаванне аб’ектыўнае? Ці няма рызыкі, што нехта можа яго “накручваць”, пакуль фестываль усё ж такі яшчэ нішавы?
Алесь Кот-Зайцаў: Такая небяспека ёсць. Мы гэта пакідаем на сумленні выканаўцаў, але варта заўважыць, што адбор на конкурсную праграму фэсту адбываецца зусім не праз інтэрнэт-галасаванне, а на адборачным канцэрце, які штогод праходзіць у Мінску. То бок, выканаўцаў выбірае непасрэдна прафесійнае журы, праглядаючы жывыя выступы. Інтэрнэт-галасаванне — гэта такая разыначка, якую мы прыдумалі падчас супрацы з інтэрнэт-парталам “Тузін гітоў” (гэта іхняя спецыфіка) — яна найперш зробленая дзеля папулярызацыі, каб хтосьці з гэтага шэрагу знайшоў для сябе кагосьці цікавага, каго будзе слухаць, на чые канцэрты будзе хадзіць. А як бонус для пераможцы галасавання мы зрабілі пуцёўку на фестываль без адборачнага канцэрту.
Еўрарадыё: А як вы ацэньваеце ўзровень выканаўцаў?
Алесь Кот-Зайцаў: Узровень вельмі розны, таму што фестываль не абмяжоўвае ўдзелу ані паводле ўзросту ўдзельнікаў, ані паводле іх прафесійных здольнасцяў — удзельнічаць могуць абсалютна ўсе. Гэта фестываль, які проста адлюстроўвае актуальную сітуацыю беларускамоўнай бардаўскай песні, акустычнай музыкі. Там ёсць і гурты, і сольныя выканаўцы, некаторыя ўпершыню выходзяць на сцэну, але ёсць і зусім прафесійныя музыкі, якія таксама бяруць удзел у конкурснай праграме. Тут задача журы — пабачыць больш, чым проста прафесіяналізм, таму што фестываль — гэта душэўная з’ява душэўнай музыкі — цёплай і атмасфернай. Досвед мінулых гадоў паказвае, што журы дае рады і ведае, што выбірае.
Прагаласаваць на ўпадабанага выканаўцу Вы можаце тут