БелАЭС вытрымае падзенне “кукурузніка”, але не пасажырскага Boing-777

БелАЭС вытрымае падзенне “кукурузніка”, але не пасажырскага Boing-777

Больш за 100 заўваг і пытанняў па ўстойлівасці БелАЭС да ўздзеяння ў экстрэмальных сітуацыях сфармулявала Літоўская дзяржінспекцыя па атамнай энергетыцы. Да прыкладу, працоўная група сцвярджае, што ёй не хапае абгрунтавання устойлівасці АЭС у выпадку падзення цяжкога камерцыйнага самалёта.

З літоўскай дзяржінспекцыяй згодны і расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі.

“Першапачатковая ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай станцыі ўтрымлівала фальшывую інфармацыю: паведамлялася, што корпус станцыі можа вытрымаць самалёт вагой ледзь не сто тон, а апынулася, што гэта толькі АН-2 масай 5,7 тоны”, ― кажа расійскі эксперт.

На тое, што пра вагу самалёта, падзенне якога можа вытрымаць корпус беларускай АЭС, літоўскі бок задае пытанне не першы раз, звяртае ўвагу і беларускі эколаг Ірына Сухій. На гэтае ж пытанне неаднаразова звярталі ўвагу і беларускія эксперты.

Ірына Сухій: “У 2009 годзе паведамлялася, што корпус вытрымае падзенне самалёта масай у дзве тоны, цяпер беларускія будаўнікі кажуць, што сем тон вытрымае корпус. Але той жа Boing-777 важыць больш. Над Астраўцом і АЭС праходзіць маршрут заходу на пасадку самалётаў, што накіроўваюцца ў аэрапорт Вільні. І гэта не такая ўжо фантастыка, падзенне самалёта. Здарыцца можа ўсё”.

Сапраўды, у “Ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе” адзначаецца, што “у праекце АЭС-2006 указваецца (што корпус станцыі вытрымлівае. ― Еўрарадыё) падзенне самалёта вагой 5,7 тоны з хуткасцю 100 км/г”. Але вага таго ж Boing-777-300 ― каля 240 тон.

Вядома, ніхто самалёт на станцыю не скідваў, каб праверыць, якую вагу яе корпус вытрымае. Звесткі падаюцца на падставе разлікаў. Але змена вынікаў разлікаў выклікае сумневы, кажа Ірына Сухій. Маўляў, канструкцыі ж не памяняліся ― памяняліся разлікі. А хто і як тыя разлікі робіць ― невядома.

Літоўскія эксперты сцвярджаюць, што выклікае сумнеў аналіз устойлівасці праекта ў выпадку “экстрэмальнага землятрусу”. Звяртаюць увагу на тое, што ў стрэс-тэстах БелАЭС не ўлічаныя наступствы ад лясных пажараў, наваднення пасля землятрусу і гэтак далей. Тыя прыродныя з’явы, якія падаюцца не абазнанаму чалавеку малаверагоднымі. Але ці сапраўды яны малаверагодныя?

“Што да лясных пажараў, то ў адным месцы лес знаходзіцца сапраўды вельмі блізка ля будоўлі. Але важнейшае іншае. Сёння моцна змянілася кліматычная сітуацыя. Праведзеныя стрэс-тэсты ўлічваюць стыхійныя бедствы, якія адбываліся ў гэтай мясцовасці за апошнія сто гадоў. Але цяпер у нас адбываюцца стыхійныя бедствы, якія раней лічыліся нетыповымі для Беларусі. Калі раней смерчы ў нас былі раз на сто гадоў, то цяпер іх бывае некалькі за год. Усе гэтыя рэчы не пралічаныя. А мы ж павінны глядзець не тое, што ў заўтра, а ― на бліжэйшыя 60 гадоў, пакуль станцыя будзе працаваць”, ― тлумачыць Ірына Сухій.

Цалкам размову з Ірынай Сухій у студыі Еўрарадыё можна паглядзець тут:

Што самае непрыемнае, дадае Андрэй Ажароўскі, сто заўваг і пытанняў, агучаных літоўскімі экспертамі ― далёка не ўсё, што хвалюе эколагаў і экспертаў.

“У дакладзе літоўскай дзяржінспекцыі нададзеная ўвага толькі знешняму ўздзеянню. Яны не закранаюць пытанні бяспекі, звязаныя з самой канструкцыяй рэактара, з якасцю будаўніцтва, а з гэтым, як вы ведаеце, вялікія праблемы. Не вырашанае пытанне, што будзе з адпрацаваным ядзерным палівам ― няма адпаведнай адмовы з Расіяй. Калі і не будзе, то ўсё яно застанецца ў Беларусі. Як і іншыя ядзерныя адкіды ― трэба будзе траціць мільярд долараў на будаўніцтва магільніка. Незразумела, у якім стане рэактар, які аб слуп ударылі. Сёння больш важна казаць не пра літоўскую пазіцыю, а пра інтарэсы Беларусі найперш. Шмат беларускі бок кажа пра імкненне да энергетычнай незалежнасці ад Расіі, але ж ядзернае паліва будзе прыходзіць менавіта адтуль! Залежнасць застаецца: замест газавага Расія ў любы момант зможа перакрыць Беларусі уранавы вентыль”.

Сфармуляваныя літоўскімі экспертамі пытанні да 25 студзеня будуць перададзеныя Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскай групе арганізацый па рэгуляцыі ядзернай бяспекі (ENSREG). Што далей? Ірына Сухій лічыць, што беларускі бок мусіць даць адказы на ўсе пастаўленыя пытанні, змяніць свае разлікі і выправіць недахопы. Андрэй Ажароўскі ўпэўнены: гэта не выйсце ― ад праекту будаўніцтва АЭС Мінск павінен проста адмовіцца. А як жа аддаваць расійскія крэдыты?

Андрэй Ажароўскі: “Трэба глядзець крэдытнае пагадненне, як там прапісаная сітуацыя, калі праект не будзе рэалізаваны. Звычайна, калі крэдытуецца нейкае прадпрыемства, заўжды пішуць, што калі прадпрыемства не будзе дабудаванае, то страты будуць падзеленыя ў пэўнай прапорцыі. І калі станцыя не будзе пабудаваная, не пачне выпрацоўваць энергію, то, верагодна, ёсць юрыдычныя хітрыкі для таго, каб Беларусь не вяртала гэты крэдыт. Вядома, што грошы на будаўніцтва АЭС дзеляцца так: 90% сумы ― дзяржаўна-экспартны крэдыт, 10% ― крэдыт дзяржаўнага банка ВТБ. Хутчэй за ўсё, 10% банку давядзецца аддаваць, а наконт астатніх грошай, у выпадку адмены будоўлі, верагодныя доўгія спрэчкі, які могуць цягнуцца дзесяткі гадоў”.

Цалкам размову з Андрэем Ажароўскім можна паслухаць:

Стрэс-тэсты БелАЭС у 2016 годзе праводзіла даччынае прадпрыемства генпадрадчыка “Росатам” ― Atomprojekt. Прадстаўнікі літоўскага ўрада ўжо заявілі, што тэсты не даюць адказу на ўсе пытанні, і патрабуюць правядзення выпрабаванняў у адпаведнасці з метадалогіяй АЭС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі