Беларусы замяшаныя ў схемах, якія б'юць па айчынных НПЗ і ўкраінскім бюджэце
Мазырскі НПЗ / mnpz.by
Беларускія прыватныя кампаніі прадаюць ва Украіну кампаненты для нелегальнай вытворчасці бензіну пад выглядам растваральнікаў. Ад гэтага страчваюць беларускія НПЗ і ўкраінскі бюджэт, кажа кіраўнік украінскай кансалтынгавай групы "А-95" Сяргей Куюн.
Еўрарадыё даведалася, што не так з пастаўкамі ва Украіну і чаму "схемы" цікавыя беларускім кампаніям.
"Ніякія гэта не растваральнікі"
За 2021 год Беларусь амаль утрая нарасціла пастаўкі "растваральнікаў" ва Украіну. Калі ў 2020 годзе прададзена 22,3 тысячы тон, то ў 2021-м аб'ёмы дасягнулі 57,6 тысячы тон. Больш за Беларусь "растваральнікаў" на ўкраінскі рынак прадала толькі Расія — 66,8 тысячы тон.
Ва Украіне растваральнікі для лакафарбавай прамысловасці не абкладаюцца акцызным падаткам. На думку Сяргея Куюна, гэта стала выкарыстоўвацца для "схем".
— Трэба разумець, што ніякія гэта не растваральнікі. Калі паглядзець на пашпарты "растваральнікаў" з Беларусі, мы бачым, што гэта сумесь актанапавышальных прысадак. Бутылавы эфір, метанол, ацэтон, ізапрапілавага спірт. Гэта значыць, шмат кампанентаў, якія паасобку абкладаюцца вялікім акцызам.
Затое сумесь такіх кампанентаў увозіцца ва Украіну без акцызаў і можа выкарыстоўвацца для вытворчасці бензіну.
— Па сутнасці, пастаўляецца безакцызны бензін. Таму што ў далейшым 90% ці нават 100% гэтых растваральнікаў з Беларусі ідуць на вытворчасць бензіну саматужным чынам.
Экспарцёраў растваральнікаў становіцца больш
Паводле звестак эксперта, беларускія прыватныя кампаніі закупляюць патрэбныя кампаненты для сумесяў на заводах. У тым ліку расійскіх. З 2018 года, калі пачаўся рост экспарту растваральнікаў ва Украіну, Беларусь стала больш купляць іх у Расіі.
Потым сумесі з нацэнкай прадаюцца ва Украіну.
— Нацэнка невялікая. Беларусы зарабляюць 15-20 долараў на тоне. Асноўны прыбытак атрымліваюць, вядома, ўкраінскія контрагенты. У нас акцыз складае 245 еўра за 1000 літраў. Гэта значыць, больш за 300 еўра за тону. Плюс ПДВ. Гэта амаль 400 долараў на тоне. Гэта велізарныя грошы па мерках гэтай галіны. Беларуская нафтавая кампанія прадае паліва на таргах. Там людзі да пены з рота спрачаюцца пра адзін-два долары на тоне.
Хоць беларускія кампаніі і атрымліваюць менш за ўкраінскія, ахвотных удзельнічаць у такіх пастаўках становіцца больш. Па звестках "А-95", у пачатку 2021 года было два беларускія пастаўшчыкі растваральнікаў на ўкраінскі рынак. Цяпер іх чатыры.
Еўрарадыё пісала, што заснавальнік аднаго з пастаўшчыкоў — ТАА "Эстыка-Інвест " — фігураваў у "Панамскім дасье".
Страчваюць беларускія НПЗ
Пастаўкі "растваральнікаў" б'юць па беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах. Паколькі саматужная вытворчасць замяшчае іх нафтапрадукты.
— Калі б гэтага не было, то ў тым ліку ў беларусаў куплялі б больш бензіну. Адны беларусы ўстаўляюць палкі ў колы іншым — Мазырскаму НПЗ. Хоць і з "Нафтана" таксама ідзе шмат бензіну да нас, — кажа Сяргей Куюн. — Заводы павінны быць зацікаўлены ў тым, каб спыніць гэтую практыку. Тым больш бензін для іх — гэта балючая тэма, таму што ён заўсёды ў прафіцыце. Гэта было б добрай падмогай для беларусаў. Відаць, рукі не даходзяць ці хтосьці патурае вытворчасці растваральнікаў.
Магчыма, гандаль, які б'е па бюджэце суседняй краіны, беларускім кампаніям хутка давядзецца спыніць. Украінскія дэпутаты зарэгістравалі ў Вярхоўнай Радзе праект закона "Аб унясенні змен у Падатковы кодэкс Украіны і іншыя законы Украіны аб узмацненні барацьбы з ценявым абаротам паліва". Калі ён будзе прыняты, то плаціць акцызны падатак давядзецца, калі ў складзе прадуктаў накшталт растваральнікаў ёсць хоць бы адзін кампанент, які ў чыстым выглядзе абкладаецца падаткам.
Паводле ацэнак аднаго з дэпутатаў, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы законапраекта, украінскі бюджэт штогод недалічваецца праз растваральнікі каля 1,6 млрд грыўняў (каля $57, 2 млн).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.