Без намёкаў. Як навукоўцы выявілі ў дыктатара прыкметы Паркінсона

Без намёкаў. Як навукоўцы выявілі ў дыктатара прыкметы Паркінсона

Трэмар рукі, скрыўленне пазваночніка, валачэнне ног — усе гэтыя прыкметы могуць сведчыць пра сур’ёзныя праблемы са здароўем у дыктатара.  

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае, як навукоўцы выявілі ў Гітлера прыкметы хваробы Паркінсона. Гэта экскурс у сусветную гісторыю. Усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі — выпадковыя.

Хвароба Паркінсона адыграла найважнейшую ролю ў паразе Германіі ў Другой сусветнай вайне. Менавіта гэтае неўралагічнае захворванне прымусіла Гітлера прымаць безразважныя і неабдуманыя рашэнні. Гэта сцвярджаюць аўтары даследавання, якое ў 2015 годзе апублікавалі ў аўтарытэтным медычным часопісе World Neurosurgery. Караценька перакажам вам яго змест. 

Навукоўцы з Пітсбургскага ўніверсітэта звярнулі ўвагу на кадры фотахронікі: па іх прыкметна, што з 1933 да 1945 года ў фюрара назіраецца прагрэсавальнае расстройства рухальнай функцыі. Адзначаюць яны і характэрны трэмар левай рукі. Нарэшце, паркінсанізм нярэдка прыводзіць да гіпакінезіі — замаруджанасці рухаў, скрыўлення пазваночніка, валачэння ног, адсутнасці ўяўлення і агульнай апатыі. Усе гэтыя асаблівасці таксама назіраліся ў апошнія гады жыцця Гітлера.

Без намёкаў. Як навукоўцы выявілі ў дыктатара прыкметы Паркінсона

Менавіта хваробай Паркінсона навукоўцы тлумачаць серыю неабдуманых рашэнняў дыктатара: напад на СССР да заканчэння вайны з Вялікабрытаніяй, адмова дазволіць войскам фельдмаршала Паўлюса адыходзіць са Сталінграда і няздольнасць абараняць Нармандыю пасля высадкі хаўруснікаў.

Варта адзначыць, што тэорыя навукоўцаў не тлумачыць факт, што Гітлер прымаў імпульсіўныя і нерэалістычныя рашэнні задоўга да 1933 года. Пры гэтым навукоўцы заяўляюць, што Гітлер пакутаваў ад ранніх сімптомаў паркінсанізму яшчэ пасля Першай сусветнай вайны.

Пра сувязь паводзінаў фюрара з хваробай Паркінсона пісалі і іншыя даследчыкі. На іх думку, вытокі захворвання хаваюцца ў энцэфаліце ​​Эканома, на які Гітлер перахварэў у часе эпідэміі іспанскага грыпу ў 1918 годзе. Гэты энцэфаліт таксама спрыяе развіццю сімптомаў паркінсанізму.

Аднак, як мы ўсе ведаем, праблемы са здароўем і ў тым ліку Паркінсон не сталі прычынай смерці Гітлера. Дыктатар скончыў сваё жыццё самагубствам. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі