Блогер Варламаў: Лакальныя патрыёты лічаць, што нельга нічога крытыкаваць

"Калі людзі жывуць у не вельмі спрыяльных умовах, яны імкнуцца не заўважаць гэтага" — блогер Варламаў быў у Мінску адзін дзень, а яго пост Плохой Минск” абмяркоўваць будуць яшчэ доўга і эмацыйна. Мы знайшлі яго ў Краснадары за той жа працай — аналізуе горад.

Еўрарадыё: Ці чакалі вы такую рэакцыю? Такая колькасць негатыўных каментарыяў наконт вашага паста пра Мінск?

Варламаў: Негатыўных? Я не ведаю, дзе вы чыталі каментарыі, народ па-мойму вельмі станоўча паставіўся. Супер! Я вельмі задаволены. Можа быць, я не ўсё прачытаў, там было вельмі шмат каментарыяў. Але калі вы мне раскажыце канкрэтна, каму і што не спадабалася, то я магу асобна пракаментаваць.

"Калі хто-небудзь хоча пабурчаць над надуманай прычынай, гэта яго права. Для гэтага інтэрнэт і створаны"

Еўрарадыё: Але вы ж самі ў артыкуле  "Хороший Минскпісалі адказ на каментарыі да "Дрэннага Мінска".

Варламаў: Заўсёды ёсць такія лакальныя патрыёты, якія лічаць, што нельга нічога крытыкаваць, калі ты кудысьці прыехаў. Я нават не лічу гэта негатыўным або дрэнным. Гэта дзіўныя людзі, якіх ні я, ні іншыя не разумеюць. Неадэкватная крытыка, я яе нават не разглядаю як крытыку.

Еўрарадыё: А ваша фраза пра тое, што Мінск — практычна частка Расіі, наколькі гэта карэктна?

Варламаў: Па-першае, гэта выдраная з кантэксту фраза. Там нехта яе працытаваў, і пайшлі распаўсюджваць. Тое, што я сказаў, гэта амаль Расія, гэта мелася на ўвазе, што выключна тэхнічны складнік, тое, што ты ляціш як унутраны пералёт. Ты спакойна праязджаеш без мяжы. Калі каму будзе прасцей, то можна было сказаць, што Расія гэта частка Беларусі. Гэта выключна тэхнічнае апісанне паездкі было. Потым нехта вырваў з кантэксту фразу, і яе пачалі дадаткова абмяркоўваць, мне гэта не вельмі цікава, таму што я нічога такога не меў на ўвазе. Калі хто-небудзь хоча пабурчаць над надуманай прычынай, гэта яго права. Для гэтага інтэрнэт і створаны.

Еўрарадыё: Ці часта знаходзяцца людзі, незадаволеныя крытыкай, ці гэта толькі ў беларусаў?

Варламаў: Заўсёды, калі ты нешта крытыкуеш, знаходзяцца людзі, якім не падабаецца тое, што ты крытыкуеш іх горад. Калі людзі жывуць у не вельмі спрыяльных ўмовах, у іх не вельмі ўсё добра, яны імкнуцца не заўважаць. Калі ты прыязджаеш і тыкаеш носам, яны пачынаюць абурацца. Хто ты такі, што прыехаў і пачынаеш вучыць. Праблема ў тым, што мне абыякавае іх меркаванне. Таму што я не іх вучу, а паказваю сваім чытачам, які ёсць Мінск.

Мяне кожны месяц чытаюць 3-4 мільёны чалавек. Гэтыя людзі заходзяць у блог, у тым ліку, і таму, каб даведацца мой пункт гледжання і маімі вачыма паглядзець на краіны і гарады. Я за апошнія 5 гадоў аб'ехаў каля 170 краін. І пра кожную я пішу ў той форме, якая мне падабаецца, і тыя рэчы, якія мне падабаюцца, і якія я лічу правільнымі. І пішу для сваёй аўдыторыі. Калі мясцовым жыхарам гэта не падабаецца, не чытайце. Калі яны лічаць, што я напісаў нешта няправільна, яны могуць напісаць іншае. Я ж не даведнік складаю і не артыкул у "Вікіпедыі". Я пішу свае асабістыя нататкі ў сваім асабістым блогу. Нейкае абурэнне я не ўспрымаю як крытыку, і мне ўсё роўна. І я не разумею, чаму вы ім надаяце так шмат увагі.

"Я цяпер у Краснадары, і пішу пра Краснадар. А Мінск будзе яшчэ тыдзень бурліць, абмяркоўваць, як гэта іх балота хтосьці крануў"

Еўрарадыё: Дык, можа, вы дражніце?! Напісалі, напрыклад, пра комплекс малодшага брата, і што ён у Мінску асабліва востра праяўляецца...

Варламаў: Так атрымалася. Многія людзі няправільна ўспрымаюць мой артыкул і тое, што я раблю. Ім чамусьці здаецца, што я прыехаў з Масквы іх вучыць, як у іх дрэнна, а ў Маскве добра. Хоць ні слова пра Маскву не было. Я ніколі не параўноўваю. Я ведаю сотні гарадоў, дзе нашмат горш, чым у Мінску. Але гэта не значыць, што калі ты выходзіш на свой балкон, глядзіш на свой мікрараён, і ён увесь у лайне, то цябе не павінна гэта хваляваць, таму што дзе-небудзь яшчэ горш.

Усе свае непрыемнасці апраўдваюць, што ў кагосьці сапраўды гэтак жа. Я напісаў, каб лішні раз закрануць гэтых людзей, хай пазлуюцца. Але гэта абсалютна неканструктыўна. Я ўжо забыўся і паехаў далей. Я цяпер у Краснадары, і пішу пра Краснадар. А Мінск будзе яшчэ тыдзень бурліць, абмяркоўваць, як гэта іх балота хтосьці крануў. Пацэліў у іх святое балота, нешта там напісаў, ды і яшчэ пасмеў застацца незадаволеным. Іх права, хай абмяркоўваюць. Спадзяюся, калі вынікам будзе, што некаторыя людзі зменяць сваё стаўленне да горада і свае погляды на жыццё — будзе выдатна. Я люблю людзей тармасіць і на нешта падштурхощваць.

Еўрарадыё: Сказалі, што людзі забітыя, а тут такая рэакцыя бурная...

Варламаў: У інтэрнэце ўсе героі. Забітыя людзі, вы разумееце, пра што была гаворка, пра палітычна забітых.

Еўрарадыё: Як за дзень удалося заўважыць шмат цікавых момантаў, паглядзець увесь горад?

Варламаў: Вопыт. Апошнія пяць гадоў я ўвесь час падарожнічаю. Кожны дзень рыхтую матэрыялы і пішу.

Еўрарадыё: Прыехалі ў Мінск і куды пайшлі?

Варламаў: Я пайшоў гуляць. Ты выходзіш у любым месцы, і без плана садзішся на трамвай, на метро, едзеш у адзін канец горада, у другой. Потым на машыну, на маршрутку, заходзіш у двары, пешшу. За дзень спакойна глядзіш ўвесь горад і разумееш, як ён устроены.

"Няма нічога добрага і дрэннага асобна адно ад аднаго"

Еўрарадыё: Быў пост пра дрэннае, потым пост пра добрае, але там было і дрэннае...

Варламаў: Таму што няма нічога добрага і дрэннага асобна адно ад аднаго. На жаль, добрага менш, і яно часам патрабуе ўдакладненняў. Таму пост пра добры Мінск ідзе з агаворкамі. Таму што абсалютна дрэннага заўсёды больш, чым абсалютна добрага.

Еўрарадыё: Пра падземныя пераходы гэта вы сур'ёзна?

Варламаў: Абсалютна. Падземныя пераходы — выключна прыкмета такіх вось таталітарных рэжымаў. Ну, так атрымалася, што гэта не савецкае вынаходніцтва, але яно ў Саюзе пусціла карані і іх актыўна выкарыстоўваюць цяпер. Падземны пераход гэта вельмі небяспечная і нязручная штука, якая робіць горад некамфортным. Многія людзі не могуць ім карыстацца, не толькі з абмежаванымі магчымасцямі, гэта пажылыя людзі, хворыя людзі, цяжарныя жанчыны. У сярэднім, гэта 20-30 % насельніцтва, якім цяжка карыстацца пераходамі падземнымі.

Мы праводзілі даследаванне ў Маскве, калі проста па горадзе гуляе каля 30 % людзей пажылых, хворых, то ў падземны пераход спускаецца толькі 7%. 23% фізічна не могуць скарыстацца падземным пераходам, з-за гэтага яны не могуць хадзіць па горадзе. Людзі адмаўляюцца выходзіць на вуліцу, не могуць схадзіць у краму, вырваныя з грамадскага жыцця. Акрамя таго, падземны пераход правакуе людзей парушаць ПДР. Я сам на тым прыпынку, дзе здымаў, на плошчы Якуба Коласа, сам пераходзіў у неналежным месцы. Каб перайсці двухпалосную пустую дарогу, спускацца тры пралёты ўніз, потым падымацца, то нават мне, маладому і здароваму не хацелася.

І калі паглядзець статысткай, то вельмі шмат ДТЗ са смяротным зыходам менавіта там, дзе падземны пераход. Таму што кіроўца не чакае там яго ўбачыць, а пешаход перабягае дарогу. Гэта небяспечна, нязручна, псуе горад. І ў нармальных краінах, дзе думаюць пра людзей, а не апраўдваюць любую агіднасць клопатам пра людзей, там вы падземных пераходаў не знойдзеце. Мы спрабуем актыўна ад іх пазбаўляцца і тлумачыць, чаму гэта дрэнна .

Еўрарадыё: Ну, у адказ можна сказаць пра шырокія мінскія праспекты.

Варламаў: Ёсць Елісейскія палі — чатыры паласы ў адзін бок, і там праз кожныя 50 метраў зебра і святлафор. І жывуць выдатна. А ёсць Цвярская ці ваш праспект Незалежнасці, які хрэн пяройдзеш. Таму што трэба ісці шукаць падземны пераход. З-за гэта гуляць па ім нязручна. І калі вы там ідзяце, то другі бок вуліцы ўспрымаеце як ледзь не іншы бераг ці раён. Вы не можаце проста ўзяць і перайсці, калі ўбачылі краму, і многія людзі элементарна не пойдуць у кафэ або ў краму, таму што ім неахвота пераходзіць. Гэта ўсё вельмі дрэнна.

Фота: Сталяроў Кірыл

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі