Больш за 6,5 тысячы беларусаў паведамілі пра другі пашпарт або ВНЖ — МУС

Карта паляка / polsha.by

Карта паляка / polsha.by

Больш за 6,5 тысячы беларусаў ужо паведамілі аб наяўнасці ў іх другога грамадзянства або замежнага віду на жыхарства, кажа начальнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун. Але, з ягоных слоў, у АУС маюць інфармацыю пра людзей, якія маюць замежнае грамадзянства або від на жыхарства, але не спяшаюцца пра гэта паведаміць. Ён парэкамендаваў зрабіць гэта "самастойна, каб пазбегнуць у далейшым адказнасці, увядзенне якой у цяперашні час прапрацоўваецца".

Па словах Бягуна, міністэрства "будзе вывучаць гэтую праблематыку, а таксама ў выпадку неабходнасці будзе рыхтаваць адпаведныя прапановы па адказнасці грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія своечасова не накіравалі адпаведныя паведамленні".

З 11 ліпеня, нагадаем, у Беларусі ўступілі ў сілу змены ў Закон "Аб грамадзянстве". Паводле новых правілаў, беларусы абавязаныя ў трохмесячны тэрмін паведаміць беларускім уладам, што ў іх ёсць другое грамадзянства, від на жыхарства ці іншы дакумент замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю. Гаворка перш за ўсё пра карту паляка. Паведаміць трэба альбо ў міліцыю, альбо ў дыппрадстаўніцтва Беларусі за мяжой.

Адзначым, што толькі за 2022 год беларусы атрымалі ў Еўрасаюзе 309 тысяч першасных дазволаў на пражыванне. Гэта Віды на жыхарства і разнастайныя нацыянальныя візы (у тым ліку гуманітарныя, рабочыя, навучальныя і гэтак далей).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі