Брэсцкага праваабаронцу вызвалілі без складання пратаколу
Прыкладна а 21.00 28 сакавіка Дзмітрый Рабцэвіч пакінуў пастарунак Ленінскага РУУС.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў яго паплечнік — праваабаронца Раман Кісляк. Пра вызваленне Рабцэвіча стала вядома толькі позна ўвечары 28 сакавіка — увесь вечар яго тэлефон быў не дасяжны.
Са словаў Кісляка, у дачыненні ўдзельніка адзіночнага пікету міліцыянты склалі толькі пратакол апытання, а пасля яго вызвалілі.
Нагадаем, што 28 сакавіка брэстаўчанін Дзмітрый Рабцэвіч выйшаў на вуліцу з плакатам "Не — хуткiм расстрэлам!". Прыкладна праз 10 хвілінаў яго затрымалі міліцыянты.
Як паспеў паведаміць Еўрарадыё Дзмітрый Рабцэвіч, мэта акцыі — прыцягнуць увагу да праблемы паскоранага выканання смяротнага прысуду ў краіне.
Брэсцкія праваабаронцы прапанавалі ўнесці змены ў Крымінальна-выканаўчы кодэкс. Адпаведны законапраект, які прадугледжвае 5 гадоў адтэрміноўкі пасля вынясення смяротнага прысуду, яны даслалі 28 сакавіка ў Савет міністраў.