Бубнач Рынга Стар зрабіўся брытанскім рыцарам
Знакаміты музыка Рынга Стар, які ў мінулым быў бубначом The Beatles, атрымаў рыцарскі тытул, паведамляюць замежныя СМІ са спасылкай на афіцыйны бюлетэнь ураду Вялікабрытаніі The London Gazette.
Рынга Стару далі тытул за заслугі ў музыцы. Ён атрымаў рыцарства пад сваім сапраўдным іменем — Рычард Старкі. Цяпер ён зможа дадаваць да свайго імені прыстаўку “сэр”.
Таксама ў рыцары ўзвялі сузаснавальніка гурта Bee Gees Бары Гіба. Ён атрымаў тытул за дасягненні ў музыцы і ўнёсак у дабрачыннасць.
77-гадовы Рынга Стар граў у квартэце The Beatles з 1962 па 1970 год. У 1965 годзе разам з іншымі ўдзельнікамі быў узнагароджаны ордэнам Брытанскай імперыі — за ўнёсак у развіццё брытанскай культуры.
Апроч Рынга Стара сярод былых удзельнікаў The Beatles рыцарскі тытул мае Пол Макартні — ён стаў сэрам Полам у 1997 годзе.