Будучыя біятланісты трэніруюцца страляць у сутарэннях

Дар'я Домрачава пасля першай перамогі пералічыла 100 мільёнаў рублёў СДЮШАР № 1 спартыўнага таварыства "Дынама". У школе шмат розных відаў спорту, але кажуць, што ўсе грошы пойдуць на біятланістаў. Еўрарадыё вырашыла паглядзець, як яны трэніруюцца і на што хопіць падараваных грошаў.

"Грошай мы пакуль не бачылі", — кажуць трэнеры Аляксей Чэпыжаў і яго жонка Юлія.

Але школе яны насамрэч патрэбныя. Уласнага памяшкання біятланісты не маюць, трэніруюцца ў Бараўлянах у сапраўдных сутарэннях мясцовай школы. На маленькіх жалезных дзвярах смайлік і надпіс "Біятлон". Уваходзьце асцярожна бо праём вельмі нізкі. Нахіляемся, каб не стукнуцца галавой, і заходзім у бетонныя сутарэнні.

"Памяшканне арандуем. Раней нам давалі бясплатна памяшканне, арэнду не бралі", — расказваюць трэнеры.

Займаюцца ў школе каля 30 дзяцей. Ёсць пераможцы рэспубліканскіх спаборніцтваў. У сутарэннях прахалодна. Але цяпер на вуліцы цяплей. Калі быў мароз, тэмпература ў памяшканні апускалася да 8 градусаў. Але без курткі за паўгадзіны і пры плюсавой тэмпературы там замярзаеш. Адзінае, што радуе вока гэта плакат з Дар’яй Домрачавай на сцяне і розныя дыпломы.

На 30 чалавек ёсць тры вучэбныя вінтоўкі і лыжы:

"Купляйце беларускае — "Тэлеханы", — жартуюць трэнеры. — Добра, што нам далі станкі для лыж, бо раней былі толькі самаробныя".

Інвентар уражвае. І на гэтым трэніруюцца будучыя чэмпіёны! Школа вядома ж, на дзяржаўным фінансаванні, грошы даюць на арэнду і заробак трэнерам (аклад каля 3 мільёнаў). У гэтым годзе фінансаванне ўсім моцна ўрэзалі, таму і спаборніцтвы цяпер пад пытаннем.

"Раней мы маглі на спаборніцтвы заўсёды выязджаць, а цяпер пад пытаннем. Грошы спрабуюць знайсці, але папярэджваюць, каб загадзя прасілі, бо патрэбны час знайсці, недзе урэзаць".

100 мільёнаў для школы не такая вялікая сума, гэта каля 10 тысяч долараў.

"Лыжы добрыя каштуюць 500 еўра, на іх мацаванне 50 долараў, палкі 100, боты 200, камбінізон 100. Тысяча долараў, каб дзіця апрануць".

Альбо купіць яшчэ пару вінтовак.

У старэйшых дзяцей стралковая падрыхтоўка павінна быць штодзень.

"Раней мы ездзілі ў Раўбічы, там стралялі з баявых вінтовак. Але цяпер у Раўбічах рэканструкцыя і трэба плаціць. У мінулым годзе гадзіна каштавала 25 тысяч з чалавека".

Цяпер снегу няма, таму маладыя спартсмены бегаюць крос па стадыёне, калі падсохне, будуць бегаць па лесе. Пакуль можна праводзіць трэніроўку ў Вяснянцы, але таксама за грошы.

"Там ёсць снег, насыпная траса са штучнага снегу. Але туды трэба ехаць за свае грошы. Увялі арэнду — 25 тысяч з чалавека за гадзіну, са школы, сказалі, будуць браць проста 25 тысяч, не ўлічваючы гадзіны. Хутка паедзем туды".

Кажуць, што сюды ў сутарэнні прыязджаў старшыня біятлоннай федэрацыі Вадзім Зайцаў, ён жа былы кіраўнік КДБ. Я нават не паверыў уласным вушам і перапытаў: Сюды ён заходзіў?

Магчыма, гэта і стала прычынай, што школе вырашылі даць гэтыя 100 мільёнаў. Але дадуць грошы і іншым школам, напрыклад, Плешчаніцкаму вучылішчу алімпійскага рэзерву.

"Але яны ніколі не скардзіліся. Чаму туды далі 100 мільёнаў — незразумела. Мінскае вучылішча таксама пакутуе, там таксама не хапае грошай. У плешчаніцкім усе апранутыя, ёсць інвентар, грошы, зборы пастаянныя, стрэльбішча ў іх ёсць. З пункту гледжання матэрыяльнага, трэба было мінскаму вучылішчу даваць. Мінск — адзіны рэгіён, дзе няма свайго стрэльбішча, толькі Раўбічы, але і іх няма. Ёсць Лагойск — 75 тысяч з чалавека за гадзіну".

Спартовая школа рыхтуе самых маленькіх. Такіх школ у Мінску тры.

"Мы перадаём у вучылішча алімпійскага рэзерву, яны ў цэнтр нацыянальнай алімпійскай падрыхтоўкі, а адтуль ужо ў зборную. Да нас дзеці прыходзяць з 9 гадоў, і мы з імі ужо ваюем".

Усяго ў Беларусі 20 спартовых школ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі