"Чакаюць, церпяць". Пасольства Туркменістана не дапамагае студэнтам у Беларусі

Фота: blog.chrono-tm.org
Фота: blog.chrono-tm.org

Пасольства Туркменістана ў Беларусі не дапамагае студэнтам, якія  не могуць заплаціць за навучанне ў беларускіх ВНУ і пражыванне ў інтэрнатах. У беларускіх ВНУ распавядаюць, што праблема існуе другі год. У пасольстве ж на сітуацыю рэагуюць проста: "Да нас ніхто не звяртаўся".

З-за эканамічных праблем у Туркменістане банкі ўвялі ліміты на здыманне грошай з картак за мяжой. У выніку ў студэнтаў з'явіліся запазычанасці, якія з-за пені растуць з кожным днём.

"У сярэдзіне лета такія пытанні пару разоў падымаліся, — кажуць Еўрарадыё ў пасольстве. — Навучальныя ўстановы ў такіх выпадках ідуць на саступкі. Нас пра гэта інфармуюць. Чакаюць, церпяць, але ўсё нармальна".

Што стала прычынай праблемы і ці спрабуюць яе як-небудзь вырашыць? У пасольстве кажуць так: "На жаль, ніякіх звестак па гэтым пытанні ў нас няма, мы пракаментаваць не можам. У амбасаду са скаргамі ніхто не звяртаўся — ні студэнты, ні супрацоўнікі ВНУ".

Беларускія ВНУ памятаюць пра 2014-ы год і ідуць на саступкі

У БДУ, БДЭУ і МДЛУ распавядаюць, што працэс аплаты ускладніўся, і дзівяцца рэакцыі пасольства. Цяпер студэнтам даводзіцца выпісваць рахункі-фактуры, якія ў арыгінале трэба дастаўляць у Туркменістан. Потым грошы прыходзяць у замежнай валюце па безнаяўным разліку.

"Вядома, было зручней, калі студэнты маглі здымаць грошы са сваіх картак і своечасова плаціць за вучобу ў касах ў беларускіх рублях, — кажуць у бухгалтэрыі МДЛУ. — Зараз усё больш складана. Калі студэнт пратэрмінаваў аплату, яму налічваецца пеня. Улетку, калі некаторыя студэнты паехалі дадому і завезлі рахункі-фактуры, грошы дайшлі хутка. Але праблема ёсць. У Туркменістане зараз адбываецца нешта накшталт таго, калі ў беларускіх банках не было замежнай валюты і ніхто не мог зняць з рахунку даляры. Студэнты тлумачаць, што могуць здымаць штодзень са сваіх картак каля 30 долараў. Гэта ж колькі дзён трэба збіраць грошы, каб заплаціць за вучобу, напрыклад 1300 долараў, — а яшчэ і неяк жыць трэба! "

"Ждут, терпят". Посольство Туркменистана не помогает студентам в Беларуси
Фота: kredit-ka.com

У БДУ распавялі, што спрабуюць увайсці ў становішча:

"З-за праблем у банках Туркменістана грошы часам ідуць цэлы месяц. У студэнтаў растуць запазычанасці па аплаце за навучанне. Мы разумеем, што там праблемы, вызваляем студэнтаў ад пені".

У БДЭУ туркменскім студэнтам прадастаўляюць рахункі-фактуры, але гэта не заўсёды вырашае праблему.

"У тых, хто своечасова забраў рахункі-фактуры, ніякіх пытанняў не ўзнікла, — тлумачаць у бухгалтэрыі. — Улетку яны завезлі іх дадому, і аплата прыйшла своечасова. Былі і тыя, хто атрымаў рахункі-фактуры, прыехаўшы на сесію, калі этап аплаты ужо скончыўся. Так не робіцца. Каб дапамагчы студэнтам, мы нават цяпер выдаём рахункі-фактуры, каб яны змаглі заплаціць за наступны этап навучання. Гэта праблема студэнтаў, Туркменістана і іх банкаў. У Беларусі ніякіх праблем па аплаце няма".

Сустрэтыя намі сёння каля мінскага банкамата студэнткі з Туркменістана распавялі, што ліміт выкарыстання грошай з картак за мяжой знізіўся ўжо да $250 у месяц, пры гэтым у дзень можна зняць не больш за 30 рублёў. Акрамя таго, у апошні час мала дзе ў Беларусі яны могуць расплаціцца карткай.

Праблемы пачаліся ў канцы 2016 года, калі ў Туркменістане з'явіліся два курсы даляра. Цяпер афіцыйны курс ніжэй за рэальны ў пяць разоў. Банкі ўвялі ліміты на зняцце наяўных з картак за мяжой. Спачатку гэта была $1000 у дзень, потым $200, потым $75, $50, а да нядаўняга часу можна было здымаць толькі $15.

Падобная сітуацыя была ў Беларусі ў 2014 годзе. Тады ў нас з-за дваістасці курсу банкі таксама ўводзілі ліміты на выкарыстанне грошай з картак за мяжой.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 06.12

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі