Чаму беларускі пашпарт робіцца не менш за 15 дзён, а грузінскі — за 6 гадзінаў?

Чаму беларускі пашпарт робіцца не менш за 15 дзён, а грузінскі — за 6 гадзінаў?

Пашпарт грамадзяніна Беларусі робіцца цягам 30 дзён. Пры гэтым у пашпартны аддзел здаюцца арыгіналы пасведчання аб нараджэнні, шлюбу, нараджэнні дзіцяці і гэтак далей. То бок праверка дадзеных у заяве — хуткая працэдура. Не кажучы нават пра тое, што ў Беларусі існуе электронная база грамадзян, дзе знаходзіцца ўся інфармацыя. Дык чаму ж тады гэта нескладаная працэдура займае месяц?

“Згодна з заканадаўствам мы агаворваем, што месяц робіцца пашпарт, — гаворыць спецыялістка аднаго з раённых аддзелаў па грамадзянстве і міграцыі Мінска. — Але насамрэч яго могуць зрабіць і за 28 дзён. Усё залежыць ад таго, як дакумент прыйдзе з друку”.

Сапраўды, Указ прэзідэнта №200 рэгламентуе “Максімальны тэрмін ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры: 1 месяц з дня падачы заявы і 15 дзён з дня падачы заявы — у выпадку выдачы пашпарта ў паскораным парадку”. Максімальны (!) тэрмін, то бок нельга рабіць пашпарт даўжэй, але хутчэй можна!

“Сама працэдура шмат часу займае, — тлумачыць спецыялістка. — вы здаяце дакументы ў Разлікова-даведачным цэнтры, потым пакуль яны да нас іх прынясуць, у нас яны праходзяць апрацоўку, потым яны ідуць на друк… То бок гэта ж не за адзін дзень робіцца, вы ж мусіце разумець”.

Супрацоўнікі аддзела па грамадзянстве і міграцыі прызнаюцца, што ў іх дакументы правяраюцца некалькі дзён. Асноўны час займае менавіта друк пашпарта, якім займаецца бюро пашпартызацыі насельніцтва.

“Мы з людзьмі не працуем, інфармацыю па тэлефоне я вам даць не магу”, — адразае кіраўнік бюро Павел Мацюк.

Што ж такога таямнічага робяць з нашымі дакументамі ў не менш таямнічым бюро? І чаму за дадатковыя грошы можна зрабіць пашпарт за 15 дзён, а без іх — не? Які працэс паскараецца?

“У бюро паспартызацыі насельніцтва свае тэрміны на тэрміновае і нетэрміновае афармленне пашпарту, — тлумачыць, што паскараецца за дадатковыя грошы, спецыялістка аднаго са сталічных аддзелаў грамадзянства і міграцыі. — Як толькі яны надрукавалі, то аддаюць на афармленне. Так заведзена! Пачкі тэрміновых пашпартоў друкуюцца хутчэй, бо гэта дадатковая паслуга, чалавек заплаціў за гэта”.

Некалькі гадоў таму Грузія замяніла звычайныя пашпарты на біяметрычныя карткі, дзе фота, адбіткі пальцаў, інфармацыя пра месца жыхарства і іншыя неабходныя дадзеныя запісваюцца на мікрачып. Фота робіцца на месцы падачы дакументаў, бланк заявы, каб не стаяць у электроннай чарзе, можна атрымаць па пошце ці ў спецыяльных аўтаматах на паркоўках каля дамоў юстыцыі. З моманту падачы заявы пашпарт робіцца да 10 дзён, каштуе паслуга 100 грузінскіх лары (каля 863 тысяч беларускіх рублёў).

“У нас ёсць паскораная паслуга, — распавядае супрацоўніца аднаго з дамоў юстыцыі Тбілісі. — Калі грамадзянін Грузіі жадае атрымаць дакумент цягам пяці дзён, гэта каштуе 120 лары (1 036 320 рублёў), 3 дзён — 150 лары (1 295 400 рублёў), цягам 2 дзён — 190 лары (1 640 840 рублёў). Калі ж грамадзянін жадае атрымаць пашпарт у дзень падачы дакументаў, то гэта будзе каштаваць 205 лары (1 770 380 рублёў), дакумент можна будзе забраць не пазней чым праз 6 гадзінаў”.

Беларускі пашпарт каштуе значна менш — 210 000 рублёў, а па-хуткаму — 315 000 рублёў. Але пятнаццаць дзён супраць шасці гадзінаў… Што ж за праблемы ўзнікаюць з папяровым беларускім пашпартам?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі