Усяго 8 гадоў таму свет упершыню прыняў калектыўнае рашэнне скараціць выкіды парніковых газаў. Каля 200 краін абавязалася прыкласці намаганні, каб тэмпература ў свеце не павысілася больш чым на 2°C. Пагадненне падпісалі ў Парыжы, і гэта быў вялікі крок наперад — але пакуль дасягнуць заяўленых мэтаў не ўдаецца. І ў Дубаі будуць думаць, што яшчэ трэба зрабіць, каб мы ўсе не ўбачылі, як выглядае Апакаліпсіс.
На канферэнцыі будзе шмат размоў пра тое, хто каму і за што плаціць — лагічна, што бедныя краіны ўскладаюць вялікія чаканні на багатыя, у якіх і выкіды большыя.
Увогуле, паглядзім, да чаго дамовяцца і ці будзе гэта, паводле тэрміналогіі Грэты Тунберг, чарговым "бла, бла, бла".
Рыс з яйкам як палітычнае выказванне
А ў Кітаі нацыяналісты накінуліся на папулярнага кухара з 10 мільёнамі падпісчыкаў праз тое, што той прыгатаваў рыс з яйкам. Так-так, той самы рыс, адну з самых вядомых у свеце страваў кітайскай кухні.
Для кітайскіх інтэрнэт-нацыяналістаў рыс з яйкам — балючая тэма, асабліва калі пра яго гавораць у кастрычніку-лістападзе. Усё яшчэ нічога не разумееце?
Паводле адной з версій, рыс з яйкам стаў ускоснай прычынай смерці старэйшага сына Маа Цзэдуна — Маа Аньіна. Ён быў забіты ў выніку амерыканскага авіяўдару падчас Карэйскай вайны 25 лістапада 1950 года.
Паводле супярэчлівай версіі, якую адмаўляюць кітайскія ўлады, Маа Аньін, афіцэр Народна-вызваленчай арміі, не падпарадкаваўся загаду схавацца падчас паветранага налёту. Замест гэтага галодны малады чалавек запаліў печ, каб прыгатаваць смажаны рыс з яйкам, ад чаго ў паветра падняўся дым і выдаў яго пазіцыю варожым самалётам.
Кухар вырашыў прыгатаваць рыс з яйкам якраз у гадавіну яго смерці. І нацыяналісты палічылі гэта наўмыснай абразай і насмешкай. Дайшло да таго, што шэф паабяцаў больш ніколі ў жыцці не гатаваць гэтай стравы.
Можа, і правільна зрабіў, бо ў Кітаі прыняты закон пра забарону паклёпу на нацыянальных герояў — за гэта можна атрымаць да трох гадоў пазбаўлення волі. Нагадвае вам нейкую знаёмую краіну? Нам таксама.