Расійскія перакупшчыкі прадаюць квіткі на фінал ЧС па хакеі за 390 долараў
А на некаторыя матчы зборнай Беларусі — па 12 долараў. Арганізатары турніру аналізуюць, як перакупшчыкам удалося выкупіць тысячы месцаў.
Продаж білетаў на чэмпіянат свету па хакеі абярнуўся крытыкай ад многіх заўзятараў. Адзіночныя квіткі, якія выставілі ў продаж 25 лістапада, мог набыць, здавалася, адзін з дзесяці.
Затое перакупшчыкі грэюць рукі: накрутка коштаў ― у некалькі разоў. Некаторыя расійскія сайты прадаюць квіткі на фінал ад 390$. У іншых месцах знаходзім прапанову на галоўны матч чэмпіянату ад 580$.
“Мы ўпэўненыя, што тут не абышлося без афёры. Мы з сяброўкай, яна жыве ў Мінску, з двух бакоў спрабавалі дастаць квіткі на Расію-ЗША праз кампанію Ticketpro. Нічога не выйшла, ― абураецца расійская хакейная заўзятарка Кацярына Гарбачова. ― Былі на сайце білетнага аператара ў 16.00 25 лістапада, калі аб’явілі пра старт продажаў. Але ў раздзеле інфармацыі па гэтым матчы красавалася “распрададзена/недасягальна”. У то жа час перакупшчыкі наладзілі бізнес паўсюль, дзе магчыма”.
Сайт hockey-2014.ru актыўна прапаноўвае адзіночныя квіткі. Тыя самыя, якіх няма ў беларускіх касах і на cайце афіцыйнага білетнага аператара. Так, на гульню Беларусь-Расія можна трапіць за 53$.
А вось на матч Беларусь-ЗША, які не надта цікавіць расіян, ― усяго за 12$.
Менеджар па прасоўванні чэмпіяната свету-2014 Пётр Рабухін ужо прааналізаваў сітуацыю, чаму здарыўся такі білетны ажыятаж і як перакупшчыкам удавалася знаходзіць квіткі.
“У нас кошты нашмат ніжэйшыя, чым былі на ранейшых чэмпіянатах свету. Шмат аматараў хакею ёсць ў нас, а побач яшчэ і Расія ― 170 мільёнаў насельніцтва. І зноў жа кошты ў Беларусі і на гатэлі, і на білеты больш нізкія, чым у Маскве, ― разважае чыноўнік. ― Таксама ідзе перапродаж квіткоў. Бо калі з’явіліся пакетныя прапановы, ніхто не перашкаджаў перакупшчыкам проста з дому іх неабмежавана купляць, ствараць уласны сайт і квіткі перапрадаваць. І гэты працэс ніяк не адсочыш”.
Заўзятары сварацца і на тое, што калі і вырывалі квіток 25 лістапада, усё адно праплата за яго часам не праходзіла.
Некаторыя абвінавачваюць білетнага аператара ў супрацоўніцтве з перакупшчыкамі, некаторыя ― у негатоўнасці абслугоўваць такія маштабныя мерапрыемствы.
Раней прадстаўнікі Ticketpro намякнулі, што праблемы з аплатай за квіткі здараліся ў тым ліку з-за збояў ў сістэме электронных плацяжоў “Разлік”.
“У гэты дзень мы сапраўды мелі некаторыя тэхнічныя складанасці ― з 13.00 да 13.32. Білеты ж былі выстаўлены на продаж у 16.00. Сувязі тут няма, ― абвяргае гэты пункт гледжання Аляксандр Ільін, начальнік аперацыйнага кіравання сістэмы “Разлік”. ― Нагрузка ў 100 тысяч аперацый таксама не магла паралізаваць працу. У нас штомесяц праходзіць каля 20 мільёнаў аперацый”.
Дырэктар кампаніі Ticketpro Кірыл Сушчынскі мае сваё бачанне сітуацыі. На яго думку, крытыка ад заўзятараў здарылася, бо яны кінуліся купляць квіткі занадта позна.
“Два месяцы прадаваліся так званыя білетныя пакеты на абсалютна любыя месцы. Прапановы былі не толькі на ўсе матчы , але і на гульні канкрэтных зборных, ― канстатуе Кірыл Сушчынскі. ― Людзі, якія пажадалі купіць, зрабілі гэта без чэргаў. А асноўная маса прачнулася, як кажуць, паслязаўтра. Натуральна, зараз гучыць крытыка. Але што мы можам зрабіць? Так адбываецца заўсёды”.
Паводле слоў дырэктара Ticketpro, кліенты, якія не змаглі праплаціць замоўленыя 25 лістапада квіткі, усё ж атрымалі іх. Для гэтага трэба было проста звярнуцца ў кампанію.
Цікавая дэталь: білетныя аператары і касы маглі распрадаваць не ўсе месцы, якія заяўлены ў “Мінск-Арэне” (15086) і ў “Чыжоўка-Арэне” (10600).
Аказваецца, Міжнародная федэрацыя хакея браніруе на кожную гульню па 3500 білетаў ― для каманд, спонсараў, партнёраў і г.д. З гэтай лічбы толькі журналістам і фатографам аддаюць 400 месцаў, каментатарам ― 300. Такім чынам, распрадаваць могуць толькі дзве трэція той жа “Чыжоўка-Арэны”.
Фота infrontsports.com