Чарга легкавых машын на ўезд у ЕС вырасла за суткі ўдвая — ДПК
Чарга легкавых машын у пункце пропуску на мяжы Беларусі / @gpkgovby
За суткі сур'ёзна выраслі чэргі на мяжы Беларусі з краінамі ЕС, гавораць у беларускім Дзяржпамежкамітэце. Чарга легкавых машын павялічылася ўдвая, вялікагрузаў — у 3,5 разу.
Больш за ўсё легкавых машын (100) стаіць на мяжы з Польшчай, перад пунктам пропуску "Тэрэспаль" (Брэст). У беларускім ДПК адзначылі, што польскія калегі аформілі за суткі ўсяго 34% машын ад нормы. Затрымкі ў афармленні транспарту былі і на мяжы з Літвой — у пункце пропуску "Мядзінінкай" (Каменны Лог), дзе стаіць чарга на выезд з Беларусі з 50 легкавых машын, а таксама ў пунктах пропуску "Шальчынінкай" (Беняконі) і "Лаварышкес" (Катлоўка). Гэта звесткі на 10 гадзін раніцы.
У пункце пропуску "Кукурыкі" (Казловічы) на выезд з Беларусі ў Польшчу ў чарзе стаіць больш за 420 фур. Грузавы транспарт польскія службы таксама афармляюць з сур'ёзнымі затрымкамі, кажуць у памежным ведамстве Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.