Чыноўніка звольнілі за "невыкананне абмежаванняў"
Сваёй пасады пазбаўлены першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Фёдар Лісіца. Такое рашэнне прыняў Савет міністраў.
Фармулёўка для чыноўніка непрыемная — "невыкананне абмежаванняў, звязаных з дзяржаўнай службай". Як адзначае сайт "Беларускія навіны", яна гучыць як прысуд для службовай кар'еры.
Паводле неафіцыйнай версіі, кампетэнтныя органы правяралі дабрабыт 51-гадовага Фёдара Лісіцы ды выявілі некалькі аб'ектаў нерухомасці, да якіх чыноўнік меў ўскоснае і прамое дачыненне. Пасля кантралёраў справай заняліся супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС.
Фота — Fotolia, БЕЛТА