Чыноўнікі вызначылі, што трэба зрабіць пры рызыцы суіцыду ў падлетка

Фота strana.ua
Фота strana.ua

На Нацыянальным прававым партале з'явілася інструкцыя ад МУС, Мінадукацыі і Міністэрства аховы здароўя аб тым, як павінныя дзейнічаць супрацоўнікі іх ведамстваў пры рызыцы суіцыдальных дзеянняў у непаўналетніх.

У дакуменце пазначаныя прыкметы высокай рызыкі суіцыду ў дзяцей і падлеткаў: наўмыснае нанясенне самапашкоджання, звесткі аб здзяйсненні спробы суіцыду, дэманстрацыя суіцыдальных пагроз.

Пры выяўленні такіх фактараў настаўнікі, медработнікі і міліцыянты павінныя на працягу аднаго працоўнага дня паведаміць пра гэта законнаму прадстаўніку дзіцяці, праінфармаваць пра тое, як атрымаць псіхалагічную дапамогу і сацыяльна-педагагічную падтрымку або псіхіятрычную (псіхатэрапеўтычную) дапамогу ў арганізацыі аховы здароўя.

Таксама бацькам павінныя расказаць пра тое, як засцерагчы дзіця ад інфармацыі ў інтэрнэце, якая можа нанесці шкоду здароўю і развіццю, як усталяваць на камп'ютар функцыю "бацькоўскі кантроль".

Міліцыянты пры выяўленні фактараў рызыкі суіцыду на працягу дня будуць перадаваць інфармацыю пра дзіця па месцы навучання і ў арганізацыю аховы здароўя, якая аказвае псіхіятрычную (псіхатэрапеўтычную) і псіхалагічную дапамогу. Праўда, гэта можна будзе зрабіць толькі з пісьмовай згоды законнага прадстаўніка непаўналетняга.

Калі ў паліклініку або бальніцу звернецца хлопец з прыкметамі высокай рызыкі суіцыду, дадзеныя пра яго будуць перададзеныя ў ваенны камісарыят па месцы жыхарства або месцы знаходжання. Але і тут таксама толькі са згоды законнага прадстаўніка.

У канцы мінулага года Палата прадстаўнікоў у другім чытанні прыняла папраўкі ў Крымінальны кодэкс, у тым ліку была ўведзеная крымінальная адказнасць за прапаганду суіцыду. Пад гэтым маецца на ўвазе "наўмыснае распаўсюджванне ў любой форме інфармацыі ў мэтах ўзбуджэння ў індывідуальна нявызначанага кола асоб рашучасці здзейсніць самагубства пры адсутнасці прыкмет злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 145 і 146 КК" (давядзенне да самагубства, схіленне да самагубства).

Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь з 26,2 суіцыду на кожныя 100 тысяч чалавек займае пятае месца ў свеце і трэцяе ў Еўропе па колькасці самагубстваў (дадзеныя за 2016 год). Перад намі Гаяна, Паўднёвая Карэя і суседзі па ўсходняй Еўропе — Расія, Літва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі