Чырвона-зялёны сцяг на балконе — гэта не пікет: МУС пра сімволіку і журналістаў

Сцяг на балконе / Еўрарадыё
Сцяг на балконе / Еўрарадыё

Намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка правёў сёння прамую тэлефонную лінію і адказаў TUT.BY на актуальныя пытанні пра бчб-сімволіку, затрыманні журналістаў і ўмовы на Акрэсціна.

Журналісты пацікавіліся, чаму беларусы атрымліваюць штрафы і суткі за сцягі на сваіх балконах, калі лоджыя не адносіцца да грамадскага месца.

— У адпаведнасці з Законам аб масавых мерапрыемствах Рэспублікі Беларусь любое публічнае выказванне грамадзянінам альбо групай грамадзян грамадска-палітычных, групавых, іншых інтарэсаў альбо пратэсту без шэсця, у тым ліку шляхам галадоўкі па якіх-небудзь праблемах, з выкарыстаннем альбо без выкарыстання плакатаў, транспарантаў, іншых сродкаў, з'яўляецца пікетаваннем. У адпаведнасці з артыкулам 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях — з'яўляецца парушэннем устаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, адпаведна, наказваецца штрафам у памеры да 30 базавых велічынь або адміністрацыйным арыштам, — адказаў Юрый Назаранка і дадаў пры гэтым, што вывешванне дзяржаўнага сцяга пікетам не з'яўляецца.

У намесніка міністра таксама спыталі, чаму на акцыях пратэсту затрымліваюць журналістаў — па інфармацыі "Рэпарцёраў без межаў", вядома аб 368 такіх выпадках з 9 жніўня па 30 лістапада. Назаранка ўпэўнены, што затрыманняў не адбываецца, калі журналіст акрэдытаваны. На довад аб тым, што такія карэспандэнты нават сядзелі "суткі", ён заявіў, што "былі, значыць, нейкія пэўныя парушэнні".

Умовы ўтрымання ў ЦІП на Акрэсціна адпавядаюць санітарным нормам, ізалятары знаходзяцца на досыць сучасным узроўні, лічыць Юрый Назаранка. Скаргі Алены Леўчанкі і сукамерніцы Вольгі Хіжынкавай на антысанітарыю, адсутнасць гарачай вады і праблемы з пасцельнай бялізнай Назаранка назваў непацверджанай і ілжывай інфармацыяй:

— Самі падумайце, як усе памяшканні могуць не адпавядаць санітарным нормам або вызначаным міжнародным нормам? Не, такога ў нас няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі