Ці праўда, што банкі масава знялі абмежаванні па картках?

26 студзеня БелТА паведамляе, што беларускія банкі масава здымаюць абмежаванні на аперацыі па картках. Маўляў, кліенты банка ВТБ раней маглі з рублёвай карткі за мяжой зняць 300 еўра ў суткі, цяпер — 500. Гаворыцца ў паведамленні і пра зняцце абмежаванняў для кліентаў “Альфа-Банка”, “Белаграпрамбанка” і шэрагу іншых.

У “Альфа-Банку” Еўрарадыё пацвярджаюць, што іх рублёвымі карткамі цяпер можна расплаціцца за мяжой. І нават можна зняць з іх еўра ў банкаматах. Праўда, зусім няшмат.

“Калі гэта карта Maestro, Visa Electron, Standard MasterCard, Visa Classic, то тады за межамі Беларусі ў суткі ліміт па безнаяўных аперацыях — 2 мільёны ў эквіваленце. Калі здымаеце грошы ў банкамаце — 1 мільён. Калі карта ў вас Gold, альбо Platinum, то тады безнаяўныя аперацыі — 4 мільёны і 2 мільёны з банкамата”, — кажуць у банку.

То бок, калі вы маеце звычайную, без наваротаў, картку, то ў дзень зможаце з яе зняць усяго каля 60 еўра. Альбо набыць нешта ў краме на суму ў 120. Уладальнікі “блатных” картак Gold і Platinum — толькі ўдвая большыя сумы. Асабліва не разгонішся.

У самага масавага банка — “Беларусбанка” — абмежаванне таксама залежыць ад віду карткі — ад 150 да 500 долараў у суткі. Пра тое, калі абмежаванні будуць знятыя, у банку не ведаюць:

“Пакуль рашэнне не прымалася. Калі будзе прынятае, мы паведамім аб ім сваім кліентам на сайце”, — расказваюць у прэс-службе. Так што аб масавай адмове ад абмежаванняў, відаць, гаварыць рана.

Яшчэ адно абмежаванне, масава ўведзенае банкамі пасля “чорнага снежня”, гэта забарона пераводзіць грошы з рублёў у долары праз інтэрнэт-банкінг. “Памылка працэсінгавага цэнтра”, — такое паведамленне атрымліваюць кліенты (напрыклад, я) “БСБ-Банка” пры спробе набыць долары он-лайн. У самім банку шчыра прызнаюцца, што магчымасць набыць вялікую суму валюты адным націсканнем на сэнсарны экран мабільніка вернецца толькі тады, калі “валюту без праблем можна будзе набыць у аддзяленнях банка і яго абменных пунктах”. То бок “дакладны тэрмін вам сказаць не можам нават прыблізна”.

У “МТБ-Банку” працуюць менш шчырыя, але больш дыпламатычныя супрацоўнікі. “Меркаваная дата адмены абмежавання — 1 лютага. Аб усіх пераносах даты сваім кліентам паведамім своечасова”, — гавораць у цэнтры абслугоўвання кліентаў.

Але адзін банк, які пайшоў насустрач сваім кліентам, усё ж знаходзім. Супрацоўніца “Альфа-Банка” расказвае, што ў іх грошы з рублёвай карткі на доларавую можна перавесці. Калі картка заробкавая і падключаная адмысловая паслуга.

“Магчыма перавесці. Для гэтага трэба падключыць адмысловую паслугу. Звярнуцца да нас у аддзяленне. І тады магчымы перавод сродкаў на валюту толькі ў тым выпадку, калі ў вас заробак пералічваецца на карту ў беларускіх рублях. Тады вы зможаце іх перавесці ў долары”.

Кошт паслугі — 300 тысяч рублёў. Адносна невялікая страта, улічваючы больш чым месячную адсутнасць долараў і еўра ў свабодным доступе. Адно што, заробкавую картку аформіць самастойна зусім не проста.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі