Ці страхуюць у Беларусі ногі, рукі і грудзі?

"На захадзе страхуюць насы, рукі, пятыя кропкі і робяць з гэтага піяр. У нас я такога не чула. Думаю, што яшчэ доўга такога і не будзе. Можна гэтую тэму развіць, але які сэнс? — распавядае Іна Афанасьева, якая некалі жартам збіралася застрахаваць сваю пятую кропку. — Мяне неяк страхавая кампанія застрахавала на 2 мільёны. Гэта былі 1990-я гады, і тады гэта былі шалёныя грошы. Застрахавалі ад няшчасных выпадкаў. У мяне быў сертыфікат: калі б на працягу года са мной нешта здарылася, то я б атрымала гэтыя грошы. Нехта жартаваў: давай зломім табе руку, каб грошы атрымаць. Гэта быў рэкламны ход. Але яго не раздувалі, а проста на нейкай праграме ўручылі".
 
Сусветныя зоркі часта страхуюць свае часткі цела. Найперш тыя, якія ім прыносяць прыбытак. Так гітарыст The Rolling Stones Кейт Рычардс застрахаваў сваю левую руку на 9,4 мільёнаў долараў. Спявак Мік Джагер застрахаваў свой  голас на 2,5 мільёна долараў.
 
Земфіра застрахавала свае пальцы на 170 тысяч, а ўкраінская спявачка Таісія Павалій застрахавала свой голас на 1 мільён грыўнаў. Але беларускія спевакі пакуль не страхаваліся. А што ж можна застрахаваць у нас?
 
У Беларусі можна застрахаваць любы орган. Але толькі так, як Іна Афанасьева ў 1990-х, з тых часоў мала што змянілася. Ужо даўно існуе страхаванне ад няшчасных выпадкаў.
 
"Застрахаваць можна любую частку цела. Але спецыяльных відаў страхавання, як галасавыя звязкі ці ногі, у нас пакуль такога няма", — распавядаюць Еўрарадыё ў Беларускім страхавым саюзе.
 
Гэты від страхавання вельмі актыўна развіваецца. Так, у 2011 годзе ад няшчасных выпадкаў застрахаваліся больш за мільён беларусаў. Гэта менавіта добраахвотнае страхаванне, а не абавязковае, на прадпрыемстве.
 
"У апошнія гады колькасць унёскаў па дадзеным відзе страхавання нават апярэджвае страхаванне тых, хто выязджае за мяжу".
 
У 2012 годзе застрахаваліся ад няшчасных выпадкаў 718 тысяч чалавек. Прычым страхавыя ўнёскі былі большымі чым у 2011 годзе — амаль 96 мільярдаў рублёў. Кампенсацыю атрымалі ў выніку 57,5 тысячы чалавек. Часцей за ўсё страхуюць менавіта дзяцей, на іх прыпадае і большая колькасць выплат, распавядаюць у страхавым саюзе.
 
Калі застрахавацца на 10 мільёнаў, то за год давядзецца заплаціць 90 тысяч. Сума залежыць ад складанасці траўмы ці пералому. Мінімальная выплата 80 тысяч.
 
Ёсць страхавыя полісы за амаль 4 тысячы за месяц на страхавую суму 3 мільёны. Тут у выпадку пералому рукі атрымаеце 240 тысяч, а вывіху сустава нагі — 300 тысяч.
 
Але асобна частку цела не застрахуеш. Медыцынскае страхаванне гэтага таксама не прадугледжвае.
 
"Выдаткі на ваша аздараўленне, правядзенне медагляду, у тым ліку ў платных паліклініках, гэтыя выдаткі мы пакрываем".
 
Дарэчы медыцынскае страхаванне таксама апошнім часам карыстаецца попытам. Але спецыялізаваных паслуг, каб асобна застрахаваць попу ці грудзі, у Беларусі няма. Бо відаць і попыту няма, тлумачаць страхаўнікі.
 
"У страхавую кампанію звяртаюцца людзі. Ім кажуць, што такога віду няма. Ну, і па колькасці зваротаў страхаўнікі робяць высновы, трэба ім такі від уводзіць ці не".
 
Таксама ў Беларусі можна застрахаваць жыццё і здароўе ката ці сабакі, але толькі з радаслоўнай.
 
 
Фота: GdeFon.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі