Ці зможа паліцыя ЗША абараніць сябе і звычайных грамадзян ад марадзёраў? 18+
Ці зможа паліцыя ЗША справіцца самастойна? / фота з сацсетак
Пасля гібелі афраамерыканца Джорджа Флойда ва ўсіх пяцідзесяці штатах ЗША пачаліся вулічныя акцыі супраць паліцэйскага самавольства. У буйных гарадах яны хутка перараслі ў марадзёрства і вандалізм. Прыкрываючыся "народным гневам", маргіналы рабуюць крамы і псуюць чужую маёмасць.
Расказваем пра тактыку, якой прытрымліваюцца амерыканскія паліцэйскія, каб спыніць бясчынствы, а таксама пра тое, як навесці парадак дапамагае права на валоданне зброяй, гарантаванае 2-й папраўкай у Канстытуцыю ЗША.
Дысклэймер: 18+. Тэкст змяшчае адкрытыя фота і відэа са сцэнамі гвалту. Людзям са слабай псіхікай лепш пачытаць іншыя матэрыялы Еўрарадыё — балазе, іх у нас дастаткова на самыя розныя тэмы.
#BlackLivesDon’tMatter
Пагромшчыкі не робяць скідак ні для кога. Хэштэг #BlackLivesMatter [жыцці чорных маюць значэнне. — Еўрарадыё], які стаў папулярным у сацсетках, наўрад ці ў гэтай сітуацыі карэлюе з рэчаіснасцю, бо пад раздачу трапляюць усе, па-за залежнасцю ад гендарнай і расавай прыналежнасці. Нядаўна быў застрэлены адстаўны капітан паліцыі — 77-гадовы Дэвід Дорн. Ніякага дачынення ні да паліцэйскага самавольства Дэрэка Шовіна, ні да расізму цемнаскуры афіцэр паліцыі, які адслужыў да гэтага 38 гадоў, не меў.
"Пратэстоўцы" знішчаюць і псуюць усё, да чаго могуць дацягнуцца. У Рычмандзе былі разбітыя вокны ў сінагогах. Зносяцца і апаганьваюцца помнікі — у асноўным канфедэратам. Сярод ахвяр — помнік Тадэвушу Касцюшку, які стаіць насупраць Белага дома. Удзельнік вайны за незалежнасць ЗША, які нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі, выступаў за адмену рабства і свабоду цемнаскурага насельніцтва, але гэта яго не выратавала.
Чаму бяздзейнічае паліцыя?
Не, паліцыя не бяздзейнічае — але і не дзейнічае на поўную сілу, хоць маштабы пагромаў ужо ўражальныя. Пакуль што паліцэйскія выкарыстоўваюць толькі спецыяльныя сродкі — гумовыя дубінкі, слезацечны газ і зброю з гумовымі і фарбавальнымі кулямі.
Бунтаўнікі пачынаюць адчуваць сябе беспакаранымі. У такіх умовах паліцыя для іх амаль не становіць сабой стрымліваючага фактару. Больш таго, супраць паліцэйскіх ужо неаднаразова ўжывалася агнястрэльная зброя. "Пратэстоўцы" ходзяць з ёй, не асабліва хаваючыся.
Нават задзейнічаўшы значную частку сваіх рэсурсаў, паліцыя не можа супрацьстаяць пагромшчыкам. Дональд Трамп прапанаваў звярнуцца да больш радыкальных захадаў. Ён выказаў меркаванне, што мабілізацыя і актыўны ўдзел Нацыянальнай гвардыі ЗША для забеспячэння парадку дазволілі б хутка спыніць хваляванні, якія працягваюцца. Але гэта цалкам рацыянальная прапанова не знайшла водгуку ў многіх чыноўнікаў, сярод якіх кіраўнік Пентагона Марк Эспер і мэр Нью-Ёрка Біл дэ Блазіа.
Права на зброю
Для барацьбы з беспарадкамі задзейнічаны атрады коннай паліцыі, аднак па той бок барыкад адрэагавалі стварэннем такіх самых груп.
Бачачы няздольнасць паліцыі ў поўнай меры забяспечыць парадак, у многіх штатах людзі не сталі чакаць горшага развіцця падзей і выйшлі на вуліцы са зброяй для абароны ўласнасці і сваіх жыццяў. Як прыклад — штат Айдаха, у якім дзякуючы арганізаваным дзеянням цывільных абстаноўка на вуліцах застаецца адносна спакойнай.
Дарэчы, у Беларусі нашэнне грамадзянамі агнястрэльнай даўгаствольнай і халоднай зброі забаронена. Нават у мэтах самаабароны. Выключэнне — выкананне абавязкаў па ахове грамадскага парадку. Аднак складана прыгадаць, каб беларускія дружыннікі з'яўляліся на вуліцах з агнястрэльнай зброяй.
У выпадку беспарадкаў сваю бяспеку беларусы вымушаныя будуць даверыць міліцыі і ўнутраным войскам. Але дзе гарантыя, што аднойчы ў Беларусі не здарыцца "другі Мінеапаліс" і міліцыя не акажацца бяссільная? Можа быць, варта было б перагледзець некаторыя пункты беларускага заканадаўства і прыгледзецца да другой папраўкі ў Канстытуцыю ЗША, якая гарантуе грамадзянам права на захоўванне і нашэнне зброі?
"Адкуль цякуць усе рэкі?"
Трамп ужо паспеў знайсці вінаватых. На яго думку, завадатарамі беспарадкаў з'яўляюцца ўдзельнікі "Антыфа" — радыкальнага руху, чыю цяперашнюю дзейнасць складана ахарактарызаваць і дакладна сфармуляваць. Рух "Антыфа" ў Штатах быў арганізаваны ў 1988 годзе ў Мінеапалісе, таму нядзіўна, што пагромы пачаліся менавіта адтуль.
Тое, чым займаюцца прыхільнікі гэтага руху, накіравана не столькі супраць прадаўжальнікаў ідэй Гітлера, колькі супраць капіталістычных адносін у грамадстве і на дасягненне "сусветнай справядлівасці". "Найноўшыя левыя" далёка не заўсёды прытрымліваюцца мірных формаў пратэсту і прапагандуюць класавую барацьбу.
Наўрад ці можна назваць патрыётамі "пратэстоўцаў" з кактэйлямі Молатава і камянямі ў руках. Спальваныя нацыянальныя сцягі падчас пагромаў сталі адметай "дэманстрантаў".
Грамадскасць адрэагавала на гэта, зняўшы ролік у падтрымку супрацоўнікаў паліцыі:
Пры чым тут Байдэн?
Да выбараў прэзідэнта ЗША засталося некалькі месяцаў. Джо Байдэн, сябра Дэмакратычнай партыі і асноўны сапернік Трампа, — не фаварыт у выбарчай гонцы. Барацьба Трампа з пандэміяй у ЗША і яго прысутнасць на нядаўнім паспяховым пуску касмічнай ракеты Crew Dragon далі дзейнаму прэзідэнту нядрэнны адрыў у галасах.
Улічваючы тое, што ў многіх штатах дэмакраты актыўна падтрымалі пратэстоўцаў, можна сказаць, што для Байдэна гэта добры шанц пакласці ў сваю скарбонку нямала галасоў. Калі Трамп усё ж будзе вымушаны задзейнічаць войскі і развязаць канфлікт сілавым шляхам, то ёсць імавернасць, што Джо Байдэн зможа выкарыстаць сітуацыю з беспарадкамі як спосаб выставіць канкурэнта не зусім кампетэнтным і "крывавым" апанентам. Моцна ўтрыруючы, можна сказаць, што, мабыць, на сённяшні дзень беспарадкі ў ЗША ідуць на карысць дэмакратам і Байдэну ў прыватнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.