Ці знайшлі ахоўніка банка, які скраў $840 тысяч, і ўгоншчыка “Віні-Пуха”?
Увесну беларускі інтэрнэт ускалыхнулі відэа, якія прэтэндуюць на званне злачынстваў дзесяцігоддзя. Еўрарадыё спрабуе даведацца пра лёс фігурантаў.
Руслан Фраямчук і 840 тысяч долараў
У канцы красавіка ахоўнік разлікова-касавага цэнтра “БСБ-Банка” вынес з працы сумку і заплечнік, набітыя валютай — агулам 840 тысяч долараў. “Подзвіг” Руслана Фраемчука заўважылі больш чым праз тры дні. Ахоўнік, якому ў хуткім часе збіраліся не працягваць кантракт, усё выдатна пралічыў. Ён апошнім выходзіў з працы, а наперадзе былі і выхадныя, і святочныя дні. Фраямчук меў безліч часу, каб спакойна з’ехаць з Беларусі, пакуль у банку заўважаць крадзеж.
Абвінавачаны ў абкраданні банка захапляўся "Танкамі" і марыў жыць у Расіі (фота)
На працы мужчыну недаацэньвалі. У самым росквіце сілаў, ён быў разведзены, новай сям’і не стварыў, увесь час скардзіўся на нізкую зарплату ў 700 долараў, быў не самым дысцыплінаваным. Карацей, нягледзячы на галівудскую знешнасць, уражання сур’ёзнага чалавека на калег не ствараў. Але, як даведалася Еўрарадыё, у непрацоўным жыцці Фраямчук быў знаным гульцом у World of Tanks (ці проста кібергульня “Танкі”). У складзе віртуальнай суполкі “Пчолкі” ён быў палявым камандзірам і кіраваў нават алігархамі.
Праваахоўнікі выказвалі безапеляцыйную ўпэўненасць, што злодзея знойдуць. Падначаленыя і сябры Фраемчука па “Танках”, наадварот, пераконвалі, што іх паплечнік усё пралічвае і амаль заўсёды прадказвае крокі сапернікаў. Да таго ж у карумпаванай Расіі, куды мог перш-наперш выправіцца злодзей банка, за грошы можна здабыць дакументы, падшаманіць знешнасць і пераправіцца ў экзатычныя краіны, дзе знайсці чалавека не так і проста.
“Расследаванне працягваецца, навінаў у частцы вышуку пакуль няма”, — паведамляе Еўрарадыё Юлія Ганчарова, афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі.
Падобна да таго, што прагнозы сяброў Фраемчука пакуль збываюцца. Прынамсі, па гарачых слядах яго ўзяць не змаглі. Дарэчы, фотаздымка злодзея пакуль няма і на сайце Інтэрпола.
Угоншчык “Віні-Пуха”
Калі ахоўнік “БСБ-Банка”, як кажуць, аказаўся сур’ёзным стратэгам, то з гісторыі крадзяжу дзіцячага электрамабіля многія шчыра рагаталі. “Угон стагоддзя” здарыўся ў траўні ў сталічным гіпермаркеце “Прастор” на Каменнагорскай.
На відэа з камер назірання бачна, што зламыснік (з выгляду гэта 16-гадовы хлопец) ідзе па верхнім ярусе, утаропіўшыся ў мабільнік. За першыя ж секунды ён засвяціў свой твар і наяўнасць тэлефона, які магчыма запеленгаваць. Потым хлопец дайшоў да дзіцячага забаўляльнага пятачка, асядлаў цацачны электрамабіль “Віні-Пух”, абсталяваны мігалкай. Размаўляючы з кімсьці па тэлефоне, хлопец разняволена паехаў да выхаду.
Гэты рахманы заезд, праўда, для многіх глядзеўся цікавей, чым “Формула-1”. Вершнік-злодзей павольна даехаў да выхаду, вынес электрамабіль на тэрасу гіпермаркета і працягнуў сваю вандроўку на “Віні-Пуху”, узіраючыся ў далі начнога Мінска, дзе ён праз паўхвіліны відэазапісу растварыўся. Хлопца дагэтуль шукаюць. З гэтым феерычным угонам можа паспаборнічаць хіба яшчэ адно злачынства, якое здарылася ля іншага сталічнага гіпермаркета ў тым жа месяцы.
Самы недарэчны крадзеж ровара
18 траўня два хлопцы (на выгляд ім гадоў па 20) сярод белага дня аблюбавалі ровар ля аднаго з уваходаў у гіпермаркет “Мацярык”. У першыя ж секунды відэа яны ва ўсіх ракурсах прадэманстравалі твары відэакамерам і засвяцілі мабільнік (прынамсі, ёсць што пеленгаваць). Потым, як высветлілі праваахоўнікі, адзін з кампаньёнаў увайшоў у гіпермаркет, набыў кусачкі і нават адзначыў гарантыю ў інфацэнтры.
Затым парачка зноўку доўга і весела нешта абмяркоўвала ля ровара. Абодва патрэніраваліся карыстацца кусачкамі. І вось праз нейкі час антыўгонны трос быў перарэзаны. Адзін з хлопцаў ускараскаўся на ровар ды паехаў прэч.
Зразумела, па фактах угонаў “Віні-Пуха” і ровара Фрунзенскі раённы аддзел Упраўлення Следчага камітэта па Мінску распачаў справы па частцы 1 артыкула 205 крымінальнага кодэкса (“Патаемны крадзеж маёмасці”).
“Праводзяцца аператыўныя мерапрыемствы і следчыя дзеянні. Пакуль гэта ўсё, што можна казаць”, — кажа Еўрарадыё Вераніка Стрэльская, прэс-афіцэр РУУС Фрунзенскага раёна сталіцы.
Падазраваных у крадзяжах пакуль не выявілі.
“Раённым аддзелам Следчага камітэта дадзеныя даручэнні органу дазнання на высвятленне асобаў, якія здзейснілі дадзеныя злачынствы. На дадзены момант гэта ўсё, што мы можам пракаментаваць”, — дае апошнюю актуальную інфармацыю афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Аляксей Клімовіч.