ЦВК апублікуе толькі вытрымкі з дэкларацый аб даходах кандыдатаў у прэзідэнты

ЦВК апублікуе толькі вытрымкі з дэкларацый аб даходах кандыдатаў у прэзідэнты

ЦВК не будзе публікаваць цалкам дэкларацыі аб даходах кандыдатаў у прэзідэнты. Апублікаваныя будуць толькі вытрымкі з іх. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзію Ярмошыну.

Нагадаем, што перад рэгістрацыяй патэнцыйныя кандыдаты падалі ў ЦВК дэкларацыі аб даходах і маёмасці свае і паўналетніх чальцоў сям'і, якія пражываюць разам з імі.

"Адразу магу сказаць: мы, вядома, не будзем друкаваць дэкларацыі, таму што там ёсць асабістыя звесткі кандыдатаў: іх хатнія адрасы альбо яшчэ нейкая прыватная інфармацыя. Мы папросту з тых дэкларацый, якія пададзеныя кожным кандыдатам, абярэм асноўныя звесткі, якія датычаць аўтамабіляў, нерухомасці, атрыманых даходаў, і ў таблічным варыянце размесцім на сайце Цэнтральнай камісіі і ў СМІ", — паведаміла Ярмошына. Яна дадала, што хутчэй за ўсё інфармацыя будзе надрукаваная ў аўторак у адной з цэнтральных газет.

Па словах старшыні ЦВК, памылкі ў дэкларацыі былі выяўленыя толькі ў Сяргея Гайдукевіча, але нязначныя. Палітык не ўказаў 60 еўра, дасланых яму з-за мяжы — гэта быў падарунак дачкі ў сувязі з нейкім святам.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі