Да ўкраінскай мяжы працягваюць перакідвацца расійскія войскі (фота, відэа)
Жыхары Белгародскай вобласці Расіі публікуюць у сацсетках фотаздымкі вайсковай тэхнікі, якая знаходзіцца ў 30 км ад мяжы.
Перасоўванне цяжкай вайсковай тэхнікі ўжо не хаваецца расійскім бокам. Напярэдадні выконваючы абавязкі міністра абароны Украіны Ігар Ценюх заявіў, што каля паўночна-ўсходняй мяжы сканцэнтравана 220 тысяч расійскіх вайскоўцаў, 1800 танкаў і 400 верталётаў. Украінскае войска спрабуе перакрыць усе магчымыя накірункі верагоднага ўдару і найперш — на Кіеў.
Расійскі бок заяўляе, што ў Растоўскай, Белгародскай, Тамбоўскай і Курскай абласцях праводзяцца "палявыя заняткі" вайскоўцаў. Яны працягнуцца да канца сакавіка. На вучэннях правяраецца "арганізацыя розных відаў боя".