"Дата генератар": 17 верасня 1939 г. – наступствы “вызваленчага паходу”

"Дата генератар": 17 верасня 1939 г. – наступствы “вызваленчага паходу”

Калі войскі Чырвонай Арміі ноччу 17 верасня ўварваліся на тэрыторыю Другой Рэчы Паспалітай, усё тамтэйшае жыхарства апынулася ў пастцы. З заходняга боку – нямецкія нацысты, з усходняга – савецкія камуністы. Няма куды бегчы, няма дзе схавацца. 

Толькі беларускія сяляне ўзрадаваліся “саветам”. Яны сустракалі чырвонаармейцаў кветкамі як вызваліцеляў. Радавалася таксама габрэйская бедната ў мястэчках ды гарадах. Але “вызваліціляў” ад чаго? Хутка гэта стала вядома, бо пачалася ўсёабдымная саветызацыя.  

З першага дня ўварвання па загадзя складзеных спісах супрацоўнікі органаў НКУС арыштоўвалі ўсіх, каго ў СССР лічылі буйнай ці сярэдняй буржуазіяй, а абшарнікаў – пагалоўна. Амаль усе гэтыя людзі загінулі: адных расстралялі, іншыя памерлі ў лагерах ці высылцы. Напрыклад, у Баранавіцкім павеце было звыш 200 сядзіб абшарнікаў. У чэрвені 1941 г. на волі заставаўся адзін абшарнік, астатніх арыштавалі разам з жонкамі і дзецьмі. 

Арыштавалі ўсіх службоўцаў мясцовай адміністрацыі, нават леснікоў і працаўнікоў пошты, супрацоўнікаў паліцыі, суддзяў, адвакатаў, натарыусаў. Ім паведамілі, што працу ў дзяржаўных установах Польшчы савецкая ўлада лічыць "злачынствам супраць інтарэсаў рэвалюцыі і інтарэсаў пралетарыяту" (артыкул 54 КК РСФСР – пра контррэвалюцыйную дзейнасць). Якое дачыненне крымінальны кодэкс РСФСР мае да польскай дзяржавы, новую ўладу не цікавіла. 

Арыштавалі актывістаў усіх палітычных партый і грамадскіх арганізацый, сярод якіх акрамя палякаў было шмат беларусаў, габрэяў і рускіх.  

З верасня 1939-га па 20 чэрвеня 1941-га, за 22 месяцы савецкай улады, было арыштавана, кінута ў лагеры і турмы, дэпартавана ці саслана ў выдаленыя раёны СССР больш за 20 % насельніцтва Заходняй Беларусі, сярод якога дзве траціны склалі жанчыны і дзеці. Па афіцыйнай статыстыцы 82 % з іх былі палякі! Але мы ведаем, што ў Заходняй Беларусі палякамі лічылі ўсіх, хто спавядаў каталіцызм. А што да іх лёсу, дык вось прыклад. З 10 тысяч гэтак званых "палякаў", адпраўленых на Калыму, у жывых засталіся менш за 2 % – 171 чалавек.  

Былі нацыяналізаваны ўсе банкі. Праз гэта жыхары Заходняй Беларусі (у тым ліку сяляне) страцілі свае ўнёскі. Страцілі яны і наяўныя грошы, бо былі ўведзены савецкія грашовыя знакі, а польскія злотыя абмену на іх не падлягалі. 

Былі канфіскаваны ўсе фабрыкі і заводы, буйныя і сярэднія майстэрні, аграрныя прадпрыемствы, буйныя землеўладанні. У выніку значная частка працаўнікоў пераўтварылася ў беспрацоўных. 

Пачалася кампанія па калектывізацыі. Ішла яна цяжка, бо супольнага землекарыстання (як у Расіі) у Заходняй Беларусі ніколі не было. І ўсё ж да чэрвеня 1941 г. “саветы” паспелі загнаць у калгасы 7 % сялянскіх гаспадарак. 

Новыя ўлады закрывалі каталіцкія і ўніяцкія храмы, капліцы, манастыры. Фонды музеяў, архіваў, грамадскіх арганізацый яны рабавалі і раскрадалі ў масавым парадку. 

Тое, што навучанне ў школах на беларускай мове было толькі часовым хітрыкам, каб перацягнуць дурняў на свой бок, сяляне пабачылі ўжо праз год. 

Беларускі народ уз'яднаўся пасля 18 гадоў расстання – вось адзінае, што можна адзначыць са знакам плюс. Пра кошт ўз’яднання я вельмі падрабязна (на 97 старонках) распавёў у кнізе “Анатомія нянавісці”, якая вытрымала ўжо 4 выданні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі