Дэлегацыя ЕС у Мінску згадала пра арышты і затрыманні мірных дэманстрантаў
Дэлегацыя Еўрасаюза ў Мінску згадала пра “прэвентыўныя арышты напярэдадні і вялікую колькасць арыштаў і затрыманняў мірных дэманстрантаў 25 сакавіка”. Прадстаўнікі Бруселя мелі сустрэчы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максімам Рыжанковым, інфармуе прэс-служба Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. Дэлегацыю Еўрапейскага саюза ўзначальваў Томас Маер-Хартынг, выканаўчы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў.
На сустрэчах у Мінску дэлегацыя ЕС заявіла, што арышты і затрыманні адбыліся, “нягледзячы на заклікі міжнароднай супольнасці праяўляць стрыманасць”. Адзначаецца, што дзеянні ўладаў Беларусі былі “безразборлівымі і неналежнымі і што такія абмежаванні свабоды выказванняў і сходаў супярэчаць заяўленай Беларуссю палітыцы дэмакратызацыі і яе міжнародным абавязацельствам”.
“На ўсіх сустрэчах дэлегацыя Еўрапейскага саюза зазначала, што канкрэтныя і незваротныя крокі з боку Беларусі да забеспячэння ўніверсальных фундаментальных свабод, у тым ліку свабод выказвання, сходаў і СМІ, а таксама вяршэнства права і правоў чалавека, у тым ліку скасаванне смяротнага пакарання, застануцца ключавымі пры фармаванні будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі і адносін ЕС з гэтай краінай”, — паведамляе Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.
Таксама на сустрэчах абмеркавалі і будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне. Прадстаўнікі Еўрасаюза падкрэслілі “неабходнасць поўнай празрыстасці і супрацоўніцтва па пытаннях ядзернай бяспекі”.
Дэлегацыя Еўрапейскага саюза таксама заклікала ўлады Беларусі “да шырокіх кансультацый з усімі зацікаўленымі бакамі”. Больш падрабязна гл. тут.
3-4 красавіка ў беларускай сталіцы прайшло трэцяе пасяджэнне Каардынацыйнай групы Беларусь — ЕС. Дэлегацыю Беларусі ачольваў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка.