Дональд Трамп падпісаў указ аб будаўніцтве сцяны на мяжы з Мексікай
Дональд Трамп падпісаў указ аб будаўніцтве сцяны на мяжы з Мексікай. Такім чынам ён выканаў адно са сваіх перадвыбарных абяцанняў. Прэзідэнт ЗША па-ранейшаму настойвае, што плаціць за сцяну ў выніку будзе Мексіка, прычым "на 100%".
"Я проста кажу вам, што будзе плацёж, — цытуе словы Трампа "Бі-Бі-Сі". — Ён будзе ў нейкай форме — магчыма, у складанай форме, — і вы павінны зразумець гэта. Тое, што я раблю, — на карысць Злучаных Штатаў". Па словах амерыканскага прэзідэнта, яго план таксама пойдзе на карысць Мексіцы. Аднак мексіканскія ўлады раней неаднаразова заяўлялі, што не маюць намеру плаціць за сцяну.
Па звестках агенцтва Reuters, у бліжэйшыя дні Дональд Трамп увядзе часовую забарону на ўезд у ЗША бежанцаў, а таксама прыпыніць выдачу віз для грамадзян Сірыі і яшчэ шэрагу краін Блізкага Усходу і Афрыкі.