Дынама-Мінск: Чаму б не камандзе, а Лені Кравіцу не выступіць у іншым месцы

Беларускі выступ амерыканскага музыкі Лені Кравіца, запланаваны на 1 лістапада ў “Мінск-Арэне”, аказаўся пад пагрозай. У той жа дзень і час там будзе праходзіць хатні матч хакейнага клуба “Дынама-Мінск” супраць “Сібіры”.

“Клуб афіцыйна заяўляе, што матч рэгулярнага чэмпіянату КХЛ супраць ХК “Сібір” адбудзецца ў суботу, 1 лістапада 2014 года, у 17.00 на “Мінск-Арэне” згодна з дзейным календаром лігі. Пераносу матча на якую-небудзь іншую арэну не прадбачыцца”, — гаворыцца ў паведамленні на сайце хакейнага клубу.

Арганізатары канцэрта ведаюць пра сітуацыю, але пераносіць мерапрыемства не спяшаюцца.

“Яшчэ паспеюць разабрацца. І да канцэрта, і да матча яшчэ шмат часу, таму выйсце з сітуацыі абавязкова знойдзецца”, — каментуюць арганізатары.

Кіраўніцтва “Дынама-Мінск” ні пра якія дамовы нават не думае, бо ў хакеістаў клубу і так вельмі цяжкі графік у гэты перыяд.

“Яшчэ ў канцы мінулага хакейнага сезону “Мінск-Арэна” мне дала спіс мерапрыемстваў, якія ў іх запланаваныя на перыяд наступнага сезону, — каментуе генеральны менеджар мінскага “ДынамаУладзімір Беражкоў. — Спецыяльна каб не канфліктавалі матчы і астатнія мерапрыемствы, я загадзя перадаў гэты спіс у Кантынентальную хакейную лігу. І яны ўпершыню ў гісторыі ўлічылі ўсе мерапрыемствы спісу. Нічога на 1 лістапада ў “Мінск-Арэне” запланавана не было”.

Менавіта праз тое, што трэба было ўлічваць ужо запланаваныя мерапрыемствы, хакеісты “Дынама-Мінск” будуць гуляць хатнія матчы два дні запар — 1-2 лістапада. А ўжо 4 лістапада яны мусяць гуляць у Хабараўску, а гэта 12 гадзінаў ляцець, то бок вылятаць з Мінска трэба літаральна пасля матча. Пасля чаго пералёт ва Уладзівасток ды Хельсінкі. Увогуле, амаль увесь лістапад каманда правядзе за мяжой, бо гэты месяц у “Мінск-Арэне” цалкам распісаны.

“То бок гэта жудасныя маршруты, — працягвае Уладзімір Беражкоў. — Мы ні ў якім разе не пойдзем на тое, каб, так бы мовіць, ушчамляць нашых гульцоў, якія і так будуць вымучаныя транскантынентальнымі пералётамі. А яшчэ і прымушаць іх катацца па Беларусі… “Дынама-Мінск” бездакорна выканала сваю працу, мы зрабілі ўсё магчымае, каб такіх накладак не было, і да нас ніякіх прэтэнзій быць не можа! Чаму б Лені Кравіцу не выступіць у той жа “Чыжоўка-Арэне”? Чаму цэлая каманда мусіць пераязджаць на “Чыжоўку”?”

Кіраўніцтва “Чыжоўка-Арэны” ўжо даўно заяўляе пра гатоўнасць прымаць у сябе зорак сусветнай велічыні. Да таго ж Еўрарадыё даведалася, што 1 лістапада пляцоўка акурат вольная.

Нагадаем, у Мінск Лені Кравіц прывязе новы, дзясяты па ліку альбом “Strut”, рэліз якога запланаваны на 23 верасня. На дыск трапіла 12 трэкаў, якія, па словах музыкі, адкрыта кажуць пра тое, што ён адчувае.

Квіткі на мінскі канцэрт знакамітага музыкі каштуюць 400 000 — 1 600 000  рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі