Дырэктар OZ.by: Не чытаю навіны і не ведаю, хто такія Марціновіч і Стралкоў
Андрэй Грыневіч распавёў, калі адновіцца продаж кнігі "Ігар Стралкоў — жах бандэраўскай хунты" і ці вернецца раман “Параноя” Віктара Марціновіча.
На мінулым тыдні ў продажы ў інтэрнэт-кнігарні OZ.by з'явілася кніга Міхаіла Палікарпава "Абарона Данбаса. Ігар Стралкоў — жах бандэраўскай хунты". Гэта выклікала актыўнае абмеркаванне ў сацсетках і лісты абурэння ў краму. 21 жніўня ў Twitter OZ.by з'явілася паведамленне з выбачэннямі за размяшчэнне кнігі.
Але па словах дырэктара, супрацоўнік, які размясціў прабачанне, выказаў сваю асабістую думку, выдаўшы яе за меркаванне кампаніі. Андрэй Грыневіч заявіў, што іх інтэрнэт-крама ніколі не была і не будзе палітычным праектам.
“Наша дзейнасць носіць камерцыйны характар і мае зусім іншыя, адрозныя ад палітычных, мэты, — перадае tut.by словы гендырэктара інтэрнэт-крамы, — На думку OZ.by, ніякая кніга не можа быць "кепскай", і тым больш, мы не прэтэндуем на ролю цэнзараў".
На развітанне Грыневіч папрасіў прабачэння ад імя OZ.by і паабяцаў, што ў кліентаў крамы будзе права выбару.
У сувязі з гэтым Еўрарадыё вырашыла задаць некалькі дадатковых пытанняў дырэктару інтэрнэт-кнігарні.
Еўрарадыё: Колькі чалавек ужо набылі кнігу Стралкова?
Андрэй Грыневіч: Вы ведаеце, я не буду гэта каментаваць. Усё што я хацеў сказаць, я апублікаваў у сваёй заяве.
Еўрарадыё: Калісьці была знятая з продажу кніга Віктара Марціновіча. Вы кажаце, што не прэтэндуеце на ролю цэнзараў, дык, можа, “Параноя” вернецца ў продаж?
Андрэй Грыневіч: Не буду я нічога казаць. Разумееце, усё што адбываецца, тое, што мне даводзіцца апраўдвацца за сваіх супрацоўнікаў, устройваць разборкі ў краме — звязана з тым, што журналіст выкарыстаў інфармацыю, якую апублікаваў мой супрацоўнік. Зараз я вам што-небудзь пракаментую, і вы гэта выкарыстаеце, і мне зноў давядзецца гэтым займацца.
Мы не займаемся палітыкай! Мы прадаём кнігі Марціновіча, не Марціновіча, мы па-за палітыкай. Я нават не ведаю, што гэта за людзі і мяне гэта не цікавіць. Я ўжо месяц не гляджу тэлевізар і не чытаю навіны ў інтэрнэце. Я па-за палітыкай і вельмі добра сябе адчуваю. Я вельмі люблю сваіх сяброў ва Украіне! У мяне там ёсць сябры, ёсць сваякі сяброў. Уся гэтая сітуацыя і тое, што журналісты з яе раздуваюць нейкія жахі і ўвогуле сеюць нацыянальную варажнечу, у тым ліку, і ў Беларусі, мне глыбока брыдка. Я не жадаю ў гэтым удзельнічаць.
Еўрарадыё: Ці ёсць у вас нейкая дзяржаўная цэнзура? Ці кажуць вам, што вось такую кнігу не варта прадаваць?
Андрэй Грыневіч: На сённяшні дзень такога яшчэ не было!
Нагадаем, што ў 2009 годзе раман беларускага пісьменніка Віктара Марціновіча "Параноя" знік з продажу ў гэтай інтэрнэт-кнігарні нібыта пасля негалоснай чыноўніцкай забароны на продаж.
На момант напісання матэрыялу кнігі Міхаіла Палікарпава "Абарона Данбаса. Ігар Стралкоў — жах бандэраўскай хунты" на сайце OZ.by не было ў наяўнасці, але замову на яе даслалі 12 чалавек. Па словах Андрэя Грыневіча, справа ў тым, што кнігі пакуль няма ў пастаўшчыкоў і калі яна з’явіцца ў продажы, залежыць выключна ад іх. Цалкам верагодна, што ніколі…