“Ку” значыць “Купалаўскі”. Чаму ставілі Горвата, а атрымалася “Кін-дза-дза"

“Ку” значыць “Купалаўскі”. Чаму ставілі Горвата, а атрымалася “Кін-дза-дза"

Вярнуўшыся з асабістага космасу Андрусіка Іванавіча Горвата, хочацца як мага больш дыхаць. Там цесна. Там цёмна. Там няма людзей, а толькі іх цені. Ты нібы спусціўся ў падземнае царства, і самае галоўнае цяпер — не азірацца.

"Гэтае лайно спадабаецца людзям", — кажа сваёй сяброўцы хлопец, які стаіць побач, падчас авацый. З цеснага космасу Прудка хочацца як мага хутчэй зазямліцца зноў.

Спектакль ставяць у цёмным кубе камернай сцэны. З трох бакоў памост акружаны крэсламі. Людзі спяшаюцца сесці на свае месцы. Раз-пораз узнікаюць спрэчкі. У людзей аказваюцца аднолькавыя месцы ў запрашэннях. Але ўсё вырашаецца без канфліктаў.

Ажыятаж вакол пастаноўкі спектакля па кнізе Андруся Горвата прыцягвае ўвагу. Квіткі на чатыры дні паказаў распрадалі ў той жа дзень, калі яны паступілі ў продаж.

Кніга складаецца з мноства дробных пастоў, якія спачатку публікаваліся ў “Фэйсбуку”, а пасля былі сабраныя разам. Тут няма роўнага апавядання. Структурна гэта зборнік эпізодаў, знітаваных нейкім падабенствам агульнай ідэі. Ідэйна — настольная кніга тых, хто марыць пра даўншыфцінг, казу, зорнае неба над галавой і “сральню” ў двары.

 

“Ку” значыць “Купалаўскі”. Чаму ставілі Горвата, а атрымалася “Кін-дза-дза"

Андрусік Іванавіч марыць стаць дворнікам. Хаця не. Спачатку ён распавядае пра тое, што яму маці прывезла зямлі з Палесся. А потым ён хоча стаць дворнікам. І выбірае Купалаўскі тэатр. Таму што ёсць легенда пра жанчыну, якая там працавала 50 гадоў дворнікам і потым знікла, і ніхто не можа прыгадаць, калі гэта ўсё было. Стаўшы дворнікам, Андрусік неўзабаве разумее, што хоча пераехаць у хату дзеда на Палессі, у вёсцы Прудок.

Гэта асноўная сюжэтная завязка. І, напэўна, адзіная.

“Ку” значыць “Купалаўскі”. Чаму ставілі Горвата, а атрымалася “Кін-дза-дза"

Галоўны герой тут дэміург. Свет круціцца вакол яго. Яму 33 гады. Як і Ісусу. Вось толькі ён не выратавальнік. Галоўны герой — "чужы", і не хавае гэтага. Ён глядзіць на палешукоў як на "іншых" і выбудоўвае сябе праз стаўленне да іх. Бо каб адчуць сябе, патрэбныя "іншыя". Ён выбудоўвае сваю ідэнтычнасць, выкарыстоўваючы іх як матэрыял.

Спектакль чамусьці атрымаўся працятым страхам да жанчын. Раз-пораз мільгае непрыманне да іх. Жанчыны тут загадкавыя і ўладныя. Містычныя. Нібы хтанічныя багіні. Цёмныя, дзіўныя, якія нясуць у сабе стварэнне і разбурэнне. Мужчыны баяцца іх і таемна імі пагарджаюць. А нехта па п'янай лавачцы прызнаецца, што хоча "прыбіць сваю".

У пастаноўцы зусім апускаецца момант, што ў Андрусіка Іванавіча ёсць былая жонка і дачка, якія згадваліся ў кнізе. Тут яны па-за гісторыяй. Па-за апавяданнем. Яны заміналі.

 

Апавяданне зрываецца з гумарыстычных эпізодаў у непрабудную бытавую чарнуху з п'янствам, рохканнем і сцаннем, пасля ў філасофскія эпізоды, годныя пяра Паола Каэльё. Усё гэта перамяжоўваецца з абсалютна абсурдысцкімі сцэнамі. Спачатку карнавальная весялосць, потым бездань бытавой чарнухі, а пасля п'яная дрыгва.

Матывацыя герояў? Не, не чулі. Дзеянні галоўнага героя практычна ніяк не тлумачацца. Чаму Андрусік вырашыў з'ехаць у Прудок? Проста. Ну, хіба што, успаміны пра час, праведзены ў тых краях, вярэдзяць яго душу. Галоўны герой спектакля — відавочны самадур. Затужыўшы па "зямлі продкаў", ён вырашае адправіцца ў Прудок. Шкада, што не ў Вальхалу.

“Ку” значыць “Купалаўскі”. Чаму ставілі Горвата, а атрымалася “Кін-дза-дза"

Падрыхтоўка да адпраўлення Андрусіка падобная на падрыхтоўку касманаўта. Пад канец яго ставяць перад уяўным натоўпам, што скандуе "Горват! Горват!". Герой кажа ім усім нейкую бязглуздзіцу, ён увесь у белым ("скафандры"), у руках яго шлем касманаўта. Маніфест аўтарскага эга.

Ён адпраўляецца ў Прудок.

Увесь эпізод падарожжа, а гэта каля дзвюх з паловай хвілін, не пакідае адчуванне, што ты глядзіш тэатральную версію “Кін-дза-дза” на беларускай мове. Аксесуары, адзенне, агульная стылістыка. Пацёрты "савок", лёгкі абсурд таго, што адбываецца, зіхоткія страбаскопы, дым і ўгар.

Так і чакаеш, што з'явіцца спадар ПэЖэ і запатрабуе тры разы ку ад Андрусіка і прудкоўцаў.

“Ку” значыць “Купалаўскі”.

Паміж сцэнамі — перабіўка з радыёперадач. “Радзіва” тут не толькі фонавае суправаджэнне, але і паўнавартасны герой. У яго ёсць свае рэплікі. Яно ўмешваецца ў гутаркі людзей, і ў яго, падобна, ёсць сваё меркаванне. Гэта і герой, і закадравы голас, і сродак сувязі са знешнім светам.

Апынуўшыся ў Прудку, герой замыкаецца на сваім унутраным космасе. Так, нас могуць спрабаваць пераканаць у тым, што ён наадварот раскрывае навакольны свет. Але часцей за ўсё сцэны выглядаюць як спробы зазірнуць у глыбіню старога гнілога калодзежа, у глыбіню сябе. Усюды героя акружае суцэльны космас, таму што ён адчувае сувязь з навакольным светам.

 

“Ку” значыць “Купалаўскі”. Чаму ставілі Горвата, а атрымалася “Кін-дза-дза"

Персанажы прыходзяць і сыходзяць. Час тут быццам бы нелінейны. Здараюцца нейкія дзіўныя рэчы, якія успрымаюцца як належнае, якія не тлумачацца. Усё гэта падобна на магічны рэалізм.

Усё гэта нагадвае маніфест новай шчырасці. Маніфест даўншыфцера. Маніфест уцёкаў. Сімвалічна, што прэм'ера адбылася ў год малой радзімы.

У пастаноўцы задзейнічаныя ўсяго тры чалавекі. Адзін грае Андрусіка Іванавіча, на двух астатніх узваленыя ўсе астатнія ролі. Яны адыгрываюць супрацоўнікаў Купалаўскага тэатра, спадарожнікаў галоўнага героя, безаблічных фігур, што рыхтуюць Андрусіка да Прудка, прудкоўцаў і іншых палешукоў.

Хтосьці ўжо паспеў сказаць, што кніга Горвата ў этнаграфічным і антрапалагічным сэнсе — поўны правал. Яго палешукі — карыкатурныя, кардонныя, невыразныя. Яны змяняюць адзін аднаго, і іх імёны тут жа сціраюцца з памяці. Яны — масоўка. Зручны фон для галоўнага героя.

У пастаноўцы раз-пораз згадваецца Іван Мележ. Як нехта сказаў, калі б пісьменнік жыў у наш час, быў бы блогерам і пісаў бы ў “Фэйсбук”, дык ці не стала б "Радзіва Прудок" чацвёртым томам “Палескай хронікі”?

Вядома, такое параўнанне вельмі пахвальнае для аўтара кнігі. Але розніца паміж Мележам і Горватом відавочная. "Палеская хроніка" — гэта вельмі глыбокае філасофскае і мастацкае асэнсаванне беларускага народа і яго жыцця на важным гістарычным этапе. А ў Горвата мы бачым запіскі гарадскога модніка, які патрапіў у вёску, але не для таго, каб асэнсоўваць жыццё сялян, а каб стварыць "свой космас".

Яны абодва — прадукты сваіх эпох, літаратурных пераваг і талентаў. Яны розныя. І Горвату не стаць Мележам. Ды ён і не імкнецца да гэтага.

Святло згасла. Шлем касманаўта знік у цемры.

Космас знік.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі