Дзед Мароз вымушаны з’ехаць з Белавежскай пушчы?

Савет Еўропы адмовіў Белавежскай пушчы ў дыпломе, у тым ліку з-за Дзеда Мароза, маёнтак якога знаходзіцца побач з кармушкамі зуброў і перашкаджае спакойна жыць жывёле. Еўрарадыё стала вядома, што Савет Еўропы паставіў перад Белавежскай пушчай шэраг умоў: ліквідаваць адсутнасць экалагічнага калідора, перагляд лясной палітыкі і перанос маёнтку Дзеда Мароза ў іншае месца (з-за наплыву турыстаў). У прэс-цэнтры Міністэрства аховы прыроды Еўрарадыё запэўнілі, што гэта пытанне ўвогуле не ўздымалася.

Аднак журналіст газеты “Вячэрні Брэст” Алена Трыбулёва сцвярджае, што рэдакцыя выйшла на прадстаўніка Савета Еўропы, таму з першых вуснаў яны даведаліся падрабязнасці перамоваў.

Алена Трыбулёва: У нас ёсць адзін чалавек, які праз кучу сайтаў выйшаў на Савет Еўропы, вось на гэты сакратарыят, які ахоўвае тэрыторыі, спісаўся з імі. Яны, у прынцыпе, з гатоўнасцю адказваюць на пытанні журналістаў, у адрозненні ад нашых чыноўнікаў.

Нягледзячы на тое, што маёнтак Дзеда Мароза знаходзіцца не на ахоўнай тэрыторыі, а побач з ёй, Савет Еўропы гэта не задавальняе:

Алена Трыбулёва: Па-першае, там побач з маёнткам знаходзяцца кармушкі для зуброў, якія прыходзілі туды заўсёды.Там традыцыйныя месцы, куды зубры прыходзілі на кармёжку і працягваюць прыходзіць і зараз. Канешне, такі вялікі наплыў турыстаў іх пужае.

Еўрарадыё патэлефанавала генеральнаму дырэктару Белавежскай пушчы Мікалаю Бамбізе, але ён не захацеў размаўляць на гэту тэму.
Прэс-сакратар Міністэрства аховы прыроды Алена Пенязь адзіная, хто каментуе паездку нашай дэлегацыі ў Страсбург, але канкрэтна адказаць на пытанне, што не задаволіла Савет Еўропы, яна не можа.

Алена Пенязь: Не, канкрэтна па пунктах не магу сказаць. Адзінае, што было пытанне: план кіравання нацыянальным паркам не быў прадастаўлены ў тэрмін. І ўсё. Ён будзе прадастаўлены ў 2008 годзе. Там вельмі аб’ёмная работа, якую ў цяперашні час робяць, і яна ў 2008 годзе будзе скончана.

У сакавіку наступнага года ў Белавежскую пушчу прыедзе група незалежных экспертаў, якія на ўласныя вочы пабачаць, як кіраўніцтва Белавежскай пушчы выконвае заўвагі Савета Еўропы. Толькі праз год мы зможам ізноў прэтэндаваць на тое, каб тэрмін дыплома ізноў падоўжылі. Чыноўнікі ўвогуле адмаўляюцца казаць, што дыплом усё ж такі адабралі.

Алена Пенязь: На самой справе, ніхто ў нас гэты дыплом не адбіраў. Пытанне аб яго падаўжэнні не стаіць так востра, як яго спрабуюць паставіць. У нас яго не адбіралі: ён як быў, так і застаўся ў нас. Проста насамрэч мы не ўклаліся ў той тэрмін па падрыхтоўцы плана, якія нам паставіў Савет Еўропы.

Пра тое, што Дзеду Марозу, магчыма, прыйдзецца пераехаць, яна нічога не ведае і кажа, што гэта пытанне ўвогуле не падымалася Саветам Еўропы.
Мы патэлефанавалі самому Дзеду Марозу, каб высветліць, ці чуў ён што-небудзь пра гэта. Аказалася, што гэту навіну ён пачуў ад нас упершыню.

Дзед Мароз: Шкада, але я гэту інфармацыю ад вас упершыню чую.

І пацвердзіў Еўрарадыё: як працаваў з 9 гадзін раніцы да 6 гадзін вечара, так і працуе. Пакуль у яго планы не ўваходзяць улазіны ў новае жытло.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі