“Дзед Мароз, знайдзі мне маму з татам”

У дзіцячыя дамы, лякарні, хоспісы напярэдадні Новага года едзе шмат валанцёраў. Гэта час, калі ўсе чакаюць цудаў і спрабуюць іх ствараць. Яны імкнуцца ажыццявіць дзіцячыя мары, нават такія, як чароўная палачка ці добрае здароўе. Інтэрнэт поўніцца спісамі дзіцячых жаданняў з подпісамі ад людзей і арганізацый – хто якое ажыццяўляе. Тамара Лісіцкая, якая ладзіць ужо не першую дабрачынную акцыю ў дзіцячай анкалагічнай бальніцы ў Бараўлянах, распавядае, што для некаторых падарункаў валанцёрам прыйшлося “збіць ногі”.

Тамара Лісіцкая: “У нас была дзяўчынка Даша, вельмі прыгожая шасцігадовая малеча. І яна папрасіла чароўную палачку. Ну, мы, канешне, збіліся з ног у пошуках гэтай палачкі. Знайшлі нейкія, як нам падавалася, адэкватныя замены гэтай палачцы, але яны, канешне, не былі чароўнымі ў сапраўдным сэнсе гэтага слова. І тады мы прывезлі фокусніка. Фокуснік вызваў Дашу на сцэну і разам з ёй паказваў фокусы. Я памятаю, якая радасць была ў дзіцяці, гэта выглядала вельмі чулліва. Самыя прыгожыя фотаздымкі – гэтыя. Яны проста акрыляюць, тым больш, што малышка была ў анёлавых крылах”.

Валанцёры ладзяць канцэрт у бальніцы з артыстамі, клоўнамі і Дзедам Марозам. Ёсць дзеці, якія яшчэ не прыехалі ў бальніцу і прыедуць толькі ў дзень канцэрту. Падарункі атрымаюць і яны. Дзед Мароз будзе хадзіць па ўсіх палатах.

Тамара Лісіцкая: “Многія дзеці не могуць пайсці на канцэрт, бо ў іх, напрыклад, курс хіміятэрапіі. Мы тады ідзем да іх у палаты, і нашыя артысты там міні-канцэрты ладзяць, каб ужо ў кожнай палаце быў невялікі Новы год. Гэта вельмі здорава – асабісты падарунак, пра які ты напісаў недзе ў лісце, з рук Дзеда Мароза…”

“Чырвоны крыж” і “Беларускі дзіцячы хоспіс” ездзяць цяпер па хатах, дзе жывуць хворыя дзеці, і віншуюць іх са святамі. Яны ўжо зладзілі ранішнік для дзяцей, якія прыязджаюць у хоспіс па праграме “дзённы цэнтр” тры разы на тыдзень. А яшчэ ў хоспіс да дзяцей прыязджалі барды.

Дзіна Скалярэнка: “Да дзяцей прыязджалі барды з “Каравана любові сонечных бардаў”. А мы з нашымі дзецьмі ставім невялікі спектакль-мюзікл для бацькоў, супрацоўнікаў і меншых дзяцей. Мы гэта будзем паказваць у чацвер. А вось на акцыю “Працягні руку дапамогі дзецям” сёлета мала хто адгукаецца, ад нашых дзетак літаральна два-тры падарункі прыйшло”.

Але гэтая ж акцыя – “Працягні руку дапамогі дзецям”, якая ідзе і цяпер, вельмі дапамагла Ждановіцкаму спецыяльнаму дашкольнаму дзіцячаму дому. Ганна Лебедзь распавядае, што да іх едуць і едуць людзі. Яе дзівіць, што ўсе знаходзяць касцюмы Дзеда Мароза і вельмі перажываюць, ці спадабаюцца дзеткам іх падарункі. Але іх дзеці радуюцца ўсяму і ўсё бяруць на веру.

Ганна распавядае, што ў іх дзіцячы дом ездзяць студэнты. Яна кажа, што, пабачыўшы іх на вуліцы, яна б ніколі не падумала, што гэтыя людзі могуць рабіць тое, што яны робяць.

Ганна Лебедзь: “Да нас прыязджалі ўжо некалькі разоў студэнты-валанцёры, вось праз некалькі дзён яны прывязуць дзецям спектакль. Гэта такая моладзь неардынарная. Калі б я іх на вуліцы пабачыла, падумала б, што нейкая дзіўная моладзь, нефармалы. Але яны так добра ідуць да дзяцей, і такія ў іх зносіны наладжваюцца добрыя. На адной хвалі, як кажуць. Малайцы проста. Яны нас неяк запрашалі да сябе на канцэрт, усіх выхавацеляў. Мы там аглухлі ад гэтай музыкі, у нас галовы разбалеліся. Цяжкі рок, яны як ударылі па гэтых струнах, мы аж прыселі. А прыехалі зноў да дзетак у наш дзіцячы дом – зусім іншыя людзі! Яны такія разумныя, столькі ўсяго ведаюць, з імі так цікава гаварыць…”

Часам дзіцячаму дому больш патрэбныя звычайныя побытавыя рэчы, чым святочныя падарункі. Напрыклад, у Ждановічах нядаўна з’явілася цэлая група маленькіх трохгадовых дзетак. І ім патрэбныя памперсы і мыла.

Гэтыя жаданні выканаць нескладана. Але ў лістах Дзеду Марозу дзеці з такіх устаноў часта пішуць тое, што дабрачыннай акцыі здзейсніць не пад сілу.

Ганна Лебедзь: “У нас хлопчык Міша ёсць. Ён усё просіць, каб яму знайшлі маці з татам. У нас скрыня вісіць у дзіцячым доме для лістоў Дзеду Марозу, і Міша ўсё кажа: “Я, мама, напішу, каб мне тату і маму ён знайшоў. Ты перадасі Дзеду Марозу?” – “Я, Міша, перадам, канешне, толькі ж Дзед Мароз у лесе жыве, дзе ж ён там знойдзе табе бацькоў?” – “Ну, тады іншаму каму-небудзь перадай, добра?” – “Добра, Міша, перадам. Цябе ж і па тэлебачанні паказвалі, можа, знойдуцца твае тата з мамай…”

А Тамара Лісіцкая распавядае, як іх Дзед Мароз павязе дзецям у Бараўляны здароўе.

Тамара Лісіцкая: “Некаторыя дзеці просяць проста здароўя. Мы параіліся і вырашылі, што зробім для іх вялікія паштоўкі, дзе максімальная колькасць людзей напіша ім пажаданні здароўя. Мы вельмі спадзяемся, што гэта дапаможа”.

Тамара кажа, што дабрачынная праца разам вельмі “падсілкоўвае” людзей, нават калі яны кантактуюць збольшага ў Інтэрнэце. У яе асабіста ўвогуле змянілася стаўленне да людзей.

Тамара Лісіцкая: “Мне падаецца, што яна вельмі шмат людзям дае. Два тыдні такога з’яднання, калі ўсе пачынаюць усім гэтым жыць, стэлефаноўвацца, перапісвацца… нехта задаў нейкае пытанне ў “Жывым журнале” – усе тут жа яму адказваюць… Гэта адбываецца і ў любой іншай Інтэрнэт-суполцы, але тут ёсць вельмі моцная матывацыя. І гэта вельмі людзей асвятляе. Я вельмі добрага меркавання стала аб людзях пасля такіх акцый”.

У дабрачыннай акцыі не позна прыняць удзел. Можна наўпрост тэлефанаваць у дзіцячыя ўстановы ці звязвацца з арганізатарамі або лістуйце на сайт Еўрарадыё. Пасля Новага года і мы павязем свае падарункі ў Гомельскую вобласць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі