Эколаг: Раім адмовіцца ад выкарыстання батарэек


120718 LabanauS.mp3


Еўрарадыё: Пакуль Green Map распрацаваная толькі для Мінска. Як хутка можна чакаць такую мапу для ўсёй Беларусі?

Яўген Лабанаў: Ідэі такія ёсць і мы ўжо цяпер рыхтуем праект такой мапы для Гродна. Час залежыць ад колькасці пунктаў, дзе можна ўтылізаваць шкодныя адкіды. Нашы валанцёры правяраюць усе такія пункты асабіста. Думаю, што гродзенскую мапу мы зробім цягам бліжэйшых месяцаў. Рэшта залежыць ад зацікаўленасці на месцах. Мы супрацоўнічаем з шэрагам арганізацый і будзем рады, калі супрацоўніцва будзе пашырацца, каб такія мапы з’явіліся таксама для іншых рэгіёнаў Беларусі. Мы плануем стварыць іх прынамсі для абласных цэнтраў і большых гарадоў.

Еўрарадыё: А які стан Беларусі паводле колькасці такіх пунктаў? Як мы развіваемся ў гэтым плане?

Яўген Лабанаў: Штука ў тым, што мы звяртаем увагу на тры катэгорыі рэчаў, якія можна здаць. Гэта паўторная сыравіна: шкло, папера, пластык — тое, што можна перарабіць. У Мінску з гэтым даволі добра: існуе больш за сто пунктаў, дзе можна здаць паўторную сыравіну. Другая катэгорыя — гэта небяспечныя адкіды: батарэйкі, лямпачкі, што ашчаджаюць энергію, бытавая тэхніка — ад прыватных асобаў у Мінску ў адным-двух месцах могуць прыняць бытавую тэхніку. Мы спадзяемся, што пасля публікацыі загаду прэзідэнта “Аб некаторых мерах барацьбы з адкідамі” сітуацыя зменіцца і такіх пунктаў паболее, бо вытворцы будуць мець адказнасць за сваю прадукцыю. І трэцяя катэгорыя, для нас важная — гэта рэчы. Гэта калі мы не ставімся да рэчаў як да адкідаў, што мне не трэба мой стары манітор ці маё старое адзенне — ды я гэта выкідаю, ці кнігі здаю ў макулатуру — а калі мы знаходзім рэчам новага гаспадара. Гэты кірунак нам найбольш цікавы. Мы супрацоўнічаем з шэрагам сацыяльных арганізацый, каб яго развіваць, каб пабольшыць колькасць такіх пунктаў, куды людзі могуць прыносіць кнігі на буккросінг, або прыносіць адзенне. Гэта вельмі патрэбна людзям і дапамагае значна зменшыць колькасць адкідаў.

Еўрарадыё: А якую шкоду можа ўчыніць прыродзе тая ж батарэйка?

Яўген Лабанаў: Батарэйкі могуць утрымліваць розныя элементы: кіслоты, шчолачы, цяжкія металы —апошнія вельмі сур’ёзна ўплываюць на здароўе людзей, калі трапляюць у арганізм. Вядома, ад адной маленькай батарэйкі вам вялікай шкоды не будзе, калі вы яе не праглынеце, але калі мы разумеем, якая колькасць людзей выкарыстоўвае батарэйкі… У нас 10 000 000 чалавек, 5 з іх выкарыстоўвае прынамсі раз на год батарэйкі. Гэта — 10-15 мільёнаў батарэек, што трапляюць на сметнікі. І гэта ўжо сур’ёзна. Батарэйку можна пакласці ў спецыяльную скрынку, потым занесці яе ў спецыяльны кантэйнер, і такім чынам вы не дазваляеце ёй трапіць на сметнік. Калі вы хочаце зрабіць болей — мы раім наогул адмовіцца выкарыстоўваць батарэйкі і так вы нашмат змяншаеце экалагічную рызыку.

Еўрарадыё: Здараецца, што людзі сегрэгуюць смецце, але потым прыязджаюць камунальныя машыны і зноў усё змешваюць. Наколькі вялікія маштабы такой з’явы?

Яўген Лабанаў: Калі вы сталі сведкам такой з’явы, то трэба тэлефанаваць у ЖКГ, інфармаваць аб гэтым, бо кіроўцы смеццявозаў не павінны так рабіць. Іншая рэч — ёсць кантэйнеры, дзе збіраецца разам уся паўторная сыравіна: шкло, папера, пластык. Гэта рассартаваць даволі лёгка. Галоўнае, каб туды не былі дамешаныя арганічныя адкіды.   

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі