Экс-дырэктара ГУМа Аляксандра Крэпака вінавацяць па трох артыкулах КК

Экс-дырэктара ГУМа Аляксандра Крэпака вінавацяць па трох артыкулах КК

Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы былога дырэктара мінскага ГУМа Аляксандра Крэпака. Як паведамляе прэс-служба СК, яго вінавацяць у некалькіх дзясяткаў фактаў карупцыйных злачынстваў.

Крэпака затрымалі 4 лютага 2021 года супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС.

Следства сцвярджае, што карупцыйныя злачынствы ён здзяйсняў з 2014 года, калі працаваў на розных дзяржаўных пасадах. 

У 2014-2017 гадах Крэпак быў кіраўніком адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска, у 2017-2020 гадах — намеснікам старшыні Мінгарвыканкама. На гэтых пасадах, як заяўляюць следчыя, "маючы ўладу і ўплыў, выходзячы за рамкі сваіх паўнамоцтваў, абвінавачаны запатрабаваў ад кіраўніка аднаго з суб'ектаў гаспадарання перадаць яму грошы ў суме 10 000 долараў ЗША ў абмен на сваю лаяльнасць і добразычлівасць пры вырашэнні пытанняў вядзення бізнесу". Пасля атрымання хабару чыноўнік лабіяваў інтарэсы бізнесоўца. Потым ад гэтага ж прадпрымальніка ён атрымаў 3000 еўра і 9000 долараў.

Атрымліваў ён і іншы хабар: прадметы гардэроба, алкаголь, аплату авіяквіткоў, аўтамыйні, арэнды тэнісных кортаў ды іншае.

На пасадзе дырэктара ГУМа Крэпак заключыў дамову з адным з ранейшых хабарадавальнікаў: ГУМ штомесяц набываў у яго прадукцыю ў аб'ёмах, якія заведама немагчыма было рэалізаваць. За гэта Крэпак атрымаў 10% у статутным фондзе кампаніі і магчымасць атрымання дывідэндаў. 

Таксама следства заяўляе пра іншыя факты карупцыі экс-дырэктара ГУМА. 

Яму выставілі абвінавачанні па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

426 (перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў, здзейсненае з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці, асобай, якая займае адказнае становішча);

424 (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі);

ч. 1 і ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару і атрыманне хабару паўторна).

Мужчына знаходзіцца пад вартай. Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі