Эксперт: Ніхто не дасць Лукашэнку такога козыра, як Асад
Усходазнаўца Сяргей Богдан тлумачыць, чаму Беларусь нельга лічыць “прытулкам дыктатараў” і куды насамрэч можа збегчы Башар Асад.
Еўрарадыё: Наколькі імаверна, што Башар Асад прыедзе на сталае жыхарства ў Беларусь?
Сяргей Богдан: Я гэтай інфармацыі не ўспрымаю сур’ёзна.
Еўрарадыё: Але ж гэта заявіў не абы-хто, а Уладзімір Сотнікаў – старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтра міжнароднай бяспекі Істытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін Расійскай акадэміі навук.
Сяргей Богдан: Тытулы могуць быць розныя, але ж за гэтай заявай не стаялі ніякія абгрунтаванні, дый сам Сотнікаў не займае нейкіх вялікіх дзяржаўных пасад, таму сцвярджаць, што ён сказаў нешта сакрэтнае, чаго ніхто не ведае – складана. Я тут бачу пагоню за сенсацыйнасцю, і гэта падобна на гісторыю з Кадафі. Не трэба перабольшваць давер да рэжыму Лукашэнкі людзей па-за постсавецкай прасторай. Па-за постсавецкай прасторай Лукашэнку наўрад ці ўспрымаюць сур’ёзна, як самастойную фігуру. Башар Асад уплецены у зусім іншыя палітычныя схемы. Ён можа знайсці нашмат больш надзейныя варыянты, чым паехаць у Беларусь. У Расію – іншая справа.
Еўрарадыё: Якія гэта варыянты?
Сяргей Богдан: Найпрасцейшы варыянт – пераехаць у Іран. У яго нашмат больш магчымасцяў, уцячы з Ірану, калі там нешта з’явіцца, чым з Беларусі, калі ў нас нешта інакш павернецца. Бакіеў чаму прыехаў? Проста, ён быў нікому не патрэбны, асаблівай каштоўнасці не прадстаўляў.
Еўрарадыё: Але чаму Беларусь успрымаецца ў свеце як такі прытулак для зрынутых дыктатараў?
Сяргей Богдан: Я не згодны, што Беларусь так успрымаецца. У Саўдаўскай Аравіі гэтых дыктатараў – штук з дзесяць. У Беларусі адзін толькі Курманбек Бакіеў, ды і той не надта цягне на дыктатара. Ён, хутчэй, такі клептакрат, абсалютна нікому не цікавы. Ніхто пра яго не ведае. То бок, Беларусь не ўспрымаецца так. Беларусь так хоча выставіць пэўная радыкальная частка апазіцыі, бо такім чынам можна спекуляваць на міжнародным узроўні ды атрымліваць пэўныя сродкі за тое, што мы змагаемся не проста з рэжымам, а з крывавым рэжымам, які дае прытулак сённяшнім гітлерам, мусаліні і г. д. Гэта абсалютна маргінальная думка. Не перабольшвайце значэнне нашай сінявокай радзімы.
Бакіеў з’ехаў, ён у Кыргызстане не мае ніякай вагі: ён адпрацаваны матэрыял. А з Асадам – нават калі ён з’едзе – гэта інакш. У Сірыі застанецца траціна насельніцтва, якая будзе і далей лічыць Асадавы часы лепшымі, і не беспадстаўна, бо пасля таго, як Асад пойдзе – іх пачнуць вынішчаць, як гэта адбылося ў Іраку, калі было знішчанае хрысціянскае насельніцтва. Ніхто не дасць Лукашэнку такога козыру як Башар Асад, бо той, нават калі з’едзе, застанецца палітычна важкай фігурай.
Еўрарадыё: Але Бакіеў таксама некалі падаваўся “козырам”. Ці не адбудзецца тое самае і з Асадам, куды б ён ні паехаў?
Сяргей Богдан: Гэта розныя фігуры. Башар Асад грунтуецца на лаяльнасці не ідэалагічнай, а на лаяльнасці кланаў, на лаяльнасці этнічнай. А за Курманбекам Бакіевам стаяла схема – каму ён даваў красці, той яго і падтрымліваў. Бакіеў ніколі не быў варты дзесяці адсоткаў Асада. Мала хто можа нават сказаць, дзе знаходзіцца Кыргызстан, а Сірыя – ключавая краіна на Блізкім Усходзе. Гэта краіна паміж Турцыяй і Ізраілем, яна мяжуе з Іракам, ключавы саюзнік Ірана. Сірыя была французскай калоніяй: з ёй звязаная гісторыя Захаду. Калі Расія недзе захоча схаваць Асада – яна знойдзе лепшае месца, чым аддаць яго ў рукі свайму вельмі ненадзейнаму сябру, які сёння кажа адно, а заўтра іншае.
Еўрарадыё: А чаму Расіі не схаваць Асада ў сябе?
Сяргей Богдан: Яшчэ ёй не прыйшоў час, хаваць Асада. Не трэба перабольшваць поспехаў у той бруднай вайне. У адрозненні ад Лівіі, дзе ў Кадафі засталася мізэрная праслойка насельніцтва, і ўсе ведалі, што можна перайсці на іншы бок і быць пераможцам. А ў Сірыі рэлігійныя меншасці ведаюць, што куды б яны ні перайшлі – біць будуць іх. Для іх адзінае выйсце, калі не захаваць рэжым, то прынамсі не дапусціць пераходу ўлады да радыкальнай апазіцыі. У Сірыі ёсць людзі, для якіх канец рэжыма – гэта канец для іх, для іх сем’яў, для іх будучыні. Таму гэта яшчэ можа працягнуцца.