Эксперт: Пасля падпісання ЕАЭС вонкава мала што зменіцца
Калі б не Казахстан, беларусы ўжо 30 траўня маглі б прачнуцца з іншым грамадзянствам.
“Тэкст узгадняўся да апошняга моманту. Калі вы звярнулі ўвагу, то яшчэ ўчора афіцыйныя паведамленні беларускага боку былі так сфармуляваныя, што не было зразумела, падпіша Лукашэнка дамову ці не падпіша”, — мяркуе палітолаг Юрый Шаўцоў.
На яго думку, менавіта гэтым выкліканая адсутнасць тэксту дамовы ў шырокім доступе. Паведамляецца толькі, што тэкст на 700 старонках. Разам з тым казахстанскія СМІ маюць інфармацыю пра тое, што першапачатковы варыянт дамовы, прапанаваны Масквой, змяшчаўся ажно на 2000 старонак. Больш за тое, сцвярджаецца, што пад ціскам Казахстана Расія прыбрала з тэксту прапановы аб адзіным грамадзянстве і агульнай ахове межаў. Вось была б для нас неспадзяванка — прачнуцца пасля візіту Лукашэнкі ў Казахстан і даведацца, што трэба мяняць пашпарты.
Але такога не будзе. Больш за тое, Юрый Шаўцоў гаворыць, што шараговыя беларусы вынікі падпісання “гістарычнай дамовы” на сабе ўвогуле наўрад ці адчуюць. Хіба што страх перад новым крызісам крыху адступіць.
“Для простага беларуса вонкава мала што зменіцца. Але знікне пагроза моцнага фінансавага крызісу, якая цяпер існуе. Нам трэба пастаянна папаўняць золатавалютныя рэзервы, каб расплачвацца па замежных пазыках. Зараз гэтая праблема будзе часткова вырашаная. Адпаведна, у людзей будзе менш трывожных чаканняў”.
Палёгка для золатавалютных рэзерваў Беларусі хаваецца ў эканоміі 1,5 мільярда долараў за наступны год. Яна вынікае з тэксту дамовы, паведамляе журналістам намеснік міністра фінансаў Беларусі Дмітрый Кійко, і складаецца з перагляду сумы вывазных мытных пошлінаў на нафту. Беларусь іх плаціць Расіі штогод ад 3,5 да 4 мільярдаў. Тэарэтычна, зыходзячы з заяваў пра “свабодны гандаль” Беларусь пасля падпісання Лукашэнкам дамовы аб стварэнні ЕАЭС увогуле не павінная плаціць Расіі гэтую пошліну. Аднак Крэмль у гэтым пытанні ўпёрся рогам. Таму кіраўнік Беларусі нават на ўрачыстай цырымоніі ў Астане не ўтрымаўся ад злёгку пакрыўджанага каментара:
“Не сказаць аб тым, што пэўная незадаволенасць ёсць, я не магу. У нас яшчэ ёсць магчымасць зрабіць дамоўленасці лепшымі, узаемавыгаднымі для ўсіх удзельнікаў дамовы. І з’яўляючыся шчырым, надзейным партнёрам, а Беларусь па-іншаму не можа, мы яшчэ абавязкова пагаворым і з лідарам Казахстана, і з лідарам Расіі”.
Так што гаварыць аб канчатковым вырашэнні пытання аб стварэнні новага эканамічнага саюза ў свеце пакуль рана. Тым больш што па падліках экспертаў сумесны ВУП новага ўтварэння складае ўсяго 2,5% ад сусветнага.