Электрамабілі і тэхналогіі энергазберажэння — што зменіцца пасля саміта ў Парыжы

Электрамабілі і тэхналогіі энергазберажэння — што зменіцца пасля саміта ў Парыжы

Удзельнікі кліматычнай канферэнцыі ў Парыжы 12 снежня ўзгаднілі выніковы тэкст дакумента, які ў 2020 годзе мусіць прыйсці на змену Кіёцкаму пратаколу.

Міністр замежных спраў Францыі Ларан Фабіус назваў гэтае пагадненне “амбіцыйным”, а таксама “збалансаваным дакументам, што адлюстроўвае пазіцый бакоў”. Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд сказаў, што прынятае ў Парыжы рашэнне — “першае сусветнае пагадненне ў гісторыі перамоваў па клімаце”.

Чым жа гэтая кліматычная дамова такая адметная?

Электрамабілі і тэхналогіі энергазберажэння — што зменіцца пасля саміта ў Парыжы
Кліматычны саміт у Парыжы. Фота: ЕРА/UPG

Каардынатар кліматычнай кампаніі “Зялёная сетка” Анастасія Бекіш, якая прысутнічала на саміце ў Парыжы ў складзе беларускай дэлегацыі, тлумачыць, што паводле новага пагаднення, выкіды ў атмасферу мусяць змяншаць усе краіны свету, у тым ліку Індыя і Кітай. Кіёцкі ж пратакол патрабаваў гэтага толькі ад развітых і багатых краінаў.

Таксама ўвесь свет дамовіўся ўтрымаць рост тэмпературы і не перавышаць яго на 2 градусы.

“Гэтыя два градусы — тая мяжа, да якой яшчэ можна жыць. А вось калі ўжо на тры градусы павялічыцца, пацярпяць мільярды людзей. У першую чаргу праз моцныя небяспечныя метэаралагічныя з’явы”, — кажа Анастасія Бекіш.

Электрамабілі і тэхналогіі энергазберажэння — што зменіцца пасля саміта ў Парыжы
Наступствы ўрагана Хаяна. Філіпіны. 2013 год. Фота: Reuters/Erik de Castro

Для гэтага ўвесь свет мусіць змяніць энергетычную сістэму, пачаць менш карыстацца нафтай, вугалем. У дакуменце прапісана, што да сярэдзіны стагоддзя краіны, што падпісалі пагадненне, павінныя амаль адмовіцца ад гэтых энерганосьбітаў і перайсці на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі і энергазберагальныя тэхналогіі.

Спецыялістка падкрэслівае, што некаторыя змены клімату спыніць ужо немагчыма, і цяпер людзі мусяць прыстасоўвацца да іх. Для гэтага багатыя краіны ствараюць фонд памерам у 100 мільярдаў долараў.

Электрамабілі і тэхналогіі энергазберажэння — што зменіцца пасля саміта ў Парыжы

“Што да фондаў, то нашу краіну гэта не закране. Бо яго ствараюць для бедных краінаў і краін, што развіваюцца. Мы ўжо не адносімся да гэтай катэгорыі. Але Парыжскае пагадненне тым і адметнае, што там прадугледжаныя якія заўгодна метады двухбаковага супрацоўніцтва”, — тлумачыць Анастасія Бекіш.

Беларусь, на думку эколага, атрымае магчымасць супрацоўнічаць у межах пагаднення з развітымі краінамі і ўкараняць энергазберагальныя тэхналогіі.

“У першую чаргу мы адчуем падтрымку ўсіх энергаэфектыўных тэхналогіяў, павелічэнне электрамабіляў на вуліцах. Мяркуем, што праз дзесяць гадоў іх ужо стане значна больш”, — дадае Анастасія Бекіш.

Змены чакаюць і палітычнае ўладкаванне свету. Гэты саміт паказаў, што краіны маюць сур’ёзны намер адмовіцца ад выкарыстання нафты, вугалю і газу. Гэта прымусіць дзяржавы — вытворцы нафты пераарыентоўваць сваю эканоміку, ствараць новыя тэхналогіі.

Вядома, гэтае пагадненне небездакорнае. Юрыдычна яно абавязковае, але не ў той частцы, якая тычыцца нацыянальных абавязкаў, — знешняга кантролю не прадугледжваецца. І атрымліваецца, што гарантый выканання ўсіх планаў няма. Хоць краіны іх і прапісваюць сабе самі. Ратыфікаваць пагадненне ў Беларусі павінныя да красавіка 2016 года.

Галоўнае фота: Праекцыя на будынку Нацыянальнай асамблеі ў Парыжы падчас саміта — Laurent Cipriani/AP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі