Euobserver: ЕС і Грузія шукаюць крокі да абмеркавання расійскай акупацыі
Грузія з дапамогай Еўрасаюза хоча заваяваць розум і сэрцы жыхароў сепаратысцкіх рэгіёнаў праз пашырэнне гандлю на льготных умовах.
Такія думкі прагучалі з вуснаў прадстаўніка Еўрапейскай службы знешняй дзейнасці Гунара Віганда падчас нядаўняга выступу ў Батумі.
“Пагадненне аб асацыяцыі можа быць часткова распаўсюджана на суб’екты, што аддзяліліся. Асабліва гэта датычыцца часткі наконт вольнага гандлю. Гэта залежыць, вядома, ад дамоўленасцяў паміж Тбілісі і прадстаўнікамі фактычнай улады там”, — цытуе еўрачыноўніка Euobserver.
Намеснік міністра па пытаннях рэінтэграцыі Грузіі Кэці Цыхелашвілі адобрыла ідэю, адзначыўшы пры гэтым наступнае:
“Падтрымка ЕС тэрытарыяльнай цэласнасці дае ўпэўненасць, каб зрабіць пэўныя смелыя крокі ў плане спынення ізаляцыі гэтых рэгіёнаў”.
Калі ўсё ж такі будзе падпісана пагадненне аб вольным гандлі паміж Еўрасаюзам і Грузіяй? Невядома. Таксама невядома, калі будзе падпісана яшчэ больш значнае пагадненне — аб асацыяцыі ЕС з Грузіяй. Паводле французскай радыёстанцыі RFI, падчас Віленскага саміта ЕС бакі толькі парафіруюць пагадненне. Калі ўлічыць, што менавіта Грузія лічылася найбольш прасунутай празаходняй краінай у рэгіёне, такое рашэнне можа здацца дзіўным. Але толькі на першы погляд.
RFI: “Калі ўлічыць палітычную нявызначанасць у краіне, бесперапыннае супрацьстаянне паміж прэзідэнтам і прэм’ерам, іх няздольнасць знайсці агульную мову нават па элементарных пытаннях, арышты палітычных дзеячаў з атачэння Саакашвілі і новыя жудасныя факты катаванняў падазраваных пры мінулай уладзе, адклад падпісання дамовы выглядае як цалкам прагматычны крок”.
Варта прыгадаць, што нядаўна Euobserver паведаміў, што падчас перамоваў аб супрацоўніцтве паміж ЕС і Грузіяй нечакана выкрылася варожасць Еўрапейскага саюза да далейшага пашырэння. Справа ў тым, што праект пагаднення аб асацыяцыі апісвае Грузію як “усходнееўрапейскую краіну” замест простай “еўрапейскай”, як у выпадках з Украінай і Малдовай. Прытым вядома, што 49-ы артыкул Дамовы аб ЕС гаворыць, што толькі “еўрапейскія дзяржавы” маюць права на членства ў Еўрасаюзе.
Але такая гульня з паняццямі мае, хутчэй, сімвалічнае значэнне, лічыць пастаянная прадстаўніца Грузіі ў ЕС Наталля Сабанадзэ, бо яно паказвае месца краіны на мапе, а не ў сістэме еўрапейскіх каштоўнасцяў.
І сапраўды. Калі некаторыя краіны “Усходняга партнёрства” спрачаюцца і вядуць з ЕС перамовы наконт умоваў падпісання пагадненняў аб асацыяцыі, Euobserver адзначае нізкія амбіцыі Азербайджана і Беларусі. Пра нашу краіну, увогуле, гаворыцца, што галоўным чаканнем ад Віленскага саміта стане спроба міністра замежных спраў размарозіць кантакты.
Фота: voanews.com