Еўрадэпутаты заклікалі скараціць колькасць беларускіх дыпламатаў у краінах ЕС
Еўрапарламент / AFP
Дэпутаты Еўрапарламента заклікалі кіраўніцтва Еўрасаюза і ўлады краін ЕС да рэзкага скарачэння колькасці беларускіх дыпламатаў, акрэдытаваных у Бруселі і іншых еўрапейскіх сталіцах. Акрамя таго, яны прапануюць перагледзець дыпламатычную прысутнасць у самой Беларусі. Гэтая заява стала рэакцыяй на затрыманне ў Мінску 6 верасня часовай паверанай у справах ЕС у Беларусі Эвеліны Шульц. Дыпламатка правяла дзве гадзіны ў аддзяленні міліцыі ў Мінску. Яе затрымалі на выхадзе з суда па "справе анархістаў".
"Гэтая абуральная правакацыя — непасрэдны фізічны напад на акрэдытаванага дыпламата — яшчэ адно сведчанне таго, што рэжым Лукашэнкі не спыняецца ні перад чым на сваім дэструктыўным шляху, нават калі гэта азначае паставіць пад пагрозу тое, што засталося ад дыпламатычных адносін з суседзямі", — гаворыцца ў заяве еўрадэпутатаў. Яны нагадалі, што затрыманне дыпламата — грубае парушэнне міжнародных дамоваў, ратыфікаваных самой Беларуссю, у першую чаргу Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах.
У беларускім МЗС напярэдадні спрабавалі растлумачыць сітуацыю. Па словах прадстаўніка міністэрства Анатоля Глаза, у Венскай канвенцыі сярод функцый дыппрадстаўніка няма "ні шорханняў па судах, ні давання ацэнак працы судовай улады...". Аднак, адзначым, сярод функцый дыпламата ёсць пункт "высвятленне усімі законнымі сродкамі умоў і падзей у дзяржаве знаходжання і паведамленне пра іх".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.