Еўрапейскае віно падаражэе, а амерыканскае — патаннее
Але і ў Еўропе, і ў ЗША вінаробы гавораць пра “незвычайны” вінны сезон.
Агенцтва Reuters робіць сумны прагноз для аматараў віна. Справа ў тым, што многія еўрапейскія вытворцы гэтага напоя пацярпелі ад дажджоў, града і холаду. Сёлета чакаецца горшы ўраджай за апошнія дзесяць гадоў. У Францыі, якая лічыцца буйнейшым вытворцам віна ў свеце, Аўстрыі, Грэцыі, а таксама за акіянам, у ЗША, кажуць, што гэты год “незвычайны”.
Reuters: “З-за ўмоваў надвор’я ў большасці краін Еўропы, спажыўцы могуць чакаць павышэння коштаў еўрапейскіх він, кажа эканаміст Джэймс Тарнтан. Але цёплае надвор’е ў большай частцы ЗША азначае, што кошты амерыканскіх він будуць ніжэйшыя”.
Тое, што сёлета Францыя будзе мець праблемы з віном, стала зразумела ў канцы ліпеня, калі на некалькі асноўных “вінных” вёсак Бургундыі абрынуўся знішчальны град. Хутка стыхія перакінулася на Бардо. Як аказалася, у абодвух рэгіёнах было шмат незастрахаваных вінаграднікаў — бо дорага. Пасля гэтага ўрад папрасілі дапамагчы малым вінаробам, якія “згубілі ўсё”, як адзначае The Guardian:
“Спусташэнні абмінулі знакамітыя дамы і марачныя віны з Шампані і Бардо. Але вінныя ўлады Бардо кажуць, што складана ацаніць агульныя страты, гэтая лічба можа быць вышэй за 100 мільёнаў еўра”.
Паказальна, што ў гэтым годзе французскага віна будзе не толькі менш, але зменіцца і яго якасць — праз меншую колькасць цукра і, адпаведна, алкаголю ў віне. Зноў жа вінавата надвор’е.
Тым часам у Іспаніі і Італіі ўсё выглядае лепш. Некаторыя вінаробы нават спадзяюцца сабраць тут на 50% больш вінаграда, чым летась. Можа і таму італьянцы ўсё часцей вырашаюць свае праблемы з дапамогай віна. Як піша “Agence France-Presse”, італьянскія вінаробы апошнім часам заняліся “імпартазамяшчэннем”, запрашаючы на сезонную працу замест мігрантаў мясцовых беспрацоўных. Фермеры з Альтрэпа-Павезэ нават стварылі базу дадзеных мясцовых жыхароў, якім патрэбна праца. Раней італьянцы не спяшаліся на такую працу, а цяпер — крызіс. У месяц зборшчык вінаграда атрымоўвае каля 1300 еўра на рукі.
Agence France-Presse: “Для фермераў танней наймаць не мігрантаў, а мясцовых, бо апошніх не трэба забяспечваць жыллём”.
Адзіная добрая навіна для аматараў віна: павышэнне коштаў на французскія напоі яны наўрад ці заўважаць у бліжэйшы год-два – менавіта столькі трэба, каб новыя бутэлькі трапілі на прылаўкі.
Фота: ventanawines.com