Еўрасаюз ухваліў "дарожную мапу" супрацы з грамадзянскай супольнасцю Беларусі
Кіраўнікі місій Еўрасаюза ў Беларусі 11 верасня прынялі "Дарожную мапу супрацы з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі на 2018–2020 гады". Пра гэта паведамляе Еўрапейская служба вонкавых сувязяў.
Удзел у распрацоўцы гэтага дакумента брала таксама Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі. Некаторыя заўвагі і прапановы Асамблеі НДА ўлічаныя ў выніковым варыянце.
Як адзначае Радыё "Свабода", "дарожная мапа" прадугледжвае як фінансавую падтрымку розных ініцыятыў і праграм, так і палітычныя перамовы і адукацыйныя захады.
Праграмы "дарожнай мапы" накіраваныя на развязанне наступных беларускіх праблем:
— праблемы з правамі чалавека;
— кепскае асяроддзе для развіцця грамадзянскай супольнасці і малы памер актыўнай грамадзянскай супольнасці;
— моцная цэнтралізаванасць улады і слабое ўцягненне грамадзян у прыняцце рашэнняў;
— недахоп бюджэтных рэсурсаў на праекты ў энергаэфектыўнасці, ахове навакольнага асяроддзя і барацьбе са зменай клімату;
— слабое інфармаванне беларусаў пра еўрапейскія каштоўнасці ды інш.
Юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў патлумачыў, што такі дакумент — звычайная справа ў супрацы Еўрасаюза з краінамі Усходняга партнёрства, але для Беларусі ён прыняты ўпершыню. Гэта рамачнае пагадненне, якое акрэслівае кірункі супрацы.
"Напрыклад, калі адбываецца нейкая лібералізацыя, як з пачаткам вайны ва Украіне, адкрываюцца магчымасці і з'яўляецца жаданне супрацоўнічаць. А мапы, у якіх кірунках супрацоўнічаць, няма. Такім чынам, супраца ў значнай ступені залежала ад кулуарных пагадненняў, сітуацыйных дамоўленасцей між дэлегацыяй Еўракамісіі ды асобнымі міністэрствамі. Гэта робіць непрагназавальным развіццё падзей — што зручна некаторым суб’ектам, але нязручна грамадзянскай супольнасці агулам", — тлумачыць юрыст.
Па словах Чавусава, у "дарожнай мапе" абазначаныя не толькі напрамкі супрацоўніцтва, але і індыкатары, па якіх можна вызначаць паспяховасць супрацы.
Напрыклад, пра супрацу ў сферах свабоды слова, свабоды асацыяцый і свабоды мірных сходаў будуць меркаваць па базах затрыманых і аштрафаваных, якія складаюць праваабаронцы "Вясны".