Федэрацыя гандбола: Каб Беларусь выйшла з групы, трэба хаця б дзве перамогі
“Перад матчам з бразільцамі нашы гульцы не страцілі веры ў поспех і перакананы, што адолеюць кваліфікацыю”, — перадае Еўрарадыё крыніца са зборнай.
Мужчынская гандбольная зборная Беларусі сёння правядзе на чэмпіянаце свету ў Катары свой трэці матч. Сапернікам беларусаў будуць бразільцы. Жывая трансляцыя распачнецца а 17-й гадзіне на тэлеканале “Беларусь-5”.
Нагадаем, у першых матчах зборная Беларусі двойчы саступіла топ-камандам — Іспаніі (33:38) ды Славеніі (29:34).
“Але перад матчам з Бразіліяй нашы гандбалісты ў добрым настроі, настроены на перамогу, — паведамляе Еўрарадыё з месца падзеяў адміністратар Беларускай федэрацыі гандболу Таццяна Пустаход. — Мы ўпэўнены, што каманда выйдзе з групы. Каб прайсці з групы далей, трэба заняць як мінімум чацвёртае месца. Для гэтага трэба перамагчы хаця б двойчы”.
Пасля двух тураў у групе А лідыруюць зборныя Славеніі, Катара і Іспаніі — па 4 ачкі, у зборных Беларусі, Бразіліі і Чылі ачкоў няма.
Фота: handball.by