Фэйк ад Антыфэйка: СААЗ не паведамляла, што COVID не перадаецца ад бессімптомных
Кіраўнік падраздзялення СААЗ па новых хваробах Марыя ван Керкховэ / Reuters
Праграма "Антыфэйк" на АНТ не здаецца і працягвае кляпаць фэйкі. У свежым нядзельным выпуску за 14 чэрвеня вядучы Дзмітрый Семчанка расказаў, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя зрабіла "шакавальную заяву, якая літаральна паклала на лапаткі ўрады ўсіх краін, якія трымалі сваіх грамадзян у зняволенні".
Пра што ён? У панядзелак, 8 чэрвеня, кіраўнік падраздзялення СААЗ па новых хваробах Марыя ван Керкховэ нібыта заявіла: "Па нашых звестках, малаімаверна, каб бессімптомны носьбіт перадаў інфекцыю камусьці яшчэ. У нас шэраг справаздач з многіх краін. Там сочаць за бессімптомнымі носьбітамі і не выяўляюць далейшай перадачы".
Тут жа Семчанка прыводзіць яшчэ адну цытату прадстаўніцы СААЗ: "Я ўсяго толькі адказала на пытанне і не лезла ў палітыку". Аднак у "Антыфэйку" — ні слова пра тое, што Керкховэ сказала гэтую фразу ўжо на наступным сваім брыфінгу, дзе яна растлумачыла свае выказванні.
Там яна тлумачыла, што напярэдадні яе няправільна зразумелі наконт перадачы віруса бессімптомнымі хворымі. Вядучы АНТ ігнаруе гэты кантэкст і выкарыстоўвае яе словы, каб пацвердзіць правільнасць абранай беларускімі ўладамі стратэгіі барацьбы з каранавірусам — адсутнасць каранціну і іншых абмежавальных мер.
Што папраўдзе сказала Марыя ван Керкховэ?
"У нас ёсць шэраг справаздач з краін, якія займаюцца вельмі дэталёвым адсочваннем кантактаў. Яны сочаць за бессімптомнымі выпадкамі, яны сочаць за кантактамі і не знаходзяць другаснай перадачы. Мы пастаянна вывучаем гэтыя звесткі і спрабуем атрымаць больш інфармацыі ад краін, каб сапраўды адказаць на гэтае пытанне. Здаецца рэдкім, што бессімптомны індывід перадае захворванне далей", — вось дакладныя словы Марыі ван Керкховэ. Прадстаўніца СААЗ не робіць заяў або высноў аб бескарыснасці каранціну і іншых абмежавальных мер.
Media briefing on #COVID19 with @DrTedros https://t.co/OpAU2fsxlR
— World Health Organization (WHO) (@WHO) June 8, 2020
На наступны дзень, 9 чэрвеня, на новым брыфінгу Марыя ван Керкховэ абвяргае паспешныя трактоўкі яе слоў. Яна кажа, што датычна распаўсюджвання каранавіруса ёсць вядомыя звесткі, а ёсць тое, што медыцынская супольнасць імкнецца высветліць.
Так, яна гаварыла пра назіранні за бессімптомнымі носьбітамі віруса. І пра тое, што перадача віруса ад іх "здаецца рэдкай", калі зыходзіць з 2-3 наяўных даследаванняў, прысвечаных назіранням за бессімптомнымі носьбітамі каранавіруса і іх кантактамі.
"Я выкарыстала фразу "вельмі рэдка", і гэта прывяло да неразумення, быццам бы бессімптомная перадача ў глабальным маштабе сустракаецца вельмі рэдка. Я мела на ўвазе падгрупу даследаванняў, якія яшчэ нават не апублікаваныя".
"Пытанне не толькі ў тым, хто перадае іншым, але і калі”
Адна з найважнейшых праблем у сітуацыі з каранавірусам — дакладна не вядома, як доўга людзі заразныя да таго, як у іх з'явяцца сімптомы, і як доўга яны заразныя, калі сімптомы праявіліся.
"Пытанне не толькі ў тым, хто перадае іншым, але і калі", — растлумачыла ван Керкховэ.
Live on #COVID19 transmission with @DrMikeRyan & Dr @mvankerkhove. #AskWHO https://t.co/k1eZI2l4ML
— World Health Organization (WHO) (@WHO) June 9, 2020
"Мы [СААЗ] дакладна ведаем, што людзі, якія з'яўляюцца бессімптомнымі носьбітамі або ў якіх яшчэ няма сімптомаў [СААЗ называе такіх "перадсімптомнымі". — Еўрарадыё], могуць перадаваць вірус далей. Нам трэба зразумець, колькі людзей у грамадстве не маюць сімптомаў і колькі з іх працягваюць перадаваць захворванне іншым", — тлумачыць прадстаўніца СААЗ. Па самых розных падліках, доля тых, хто заразіўся без праяўленняў сімптомаў, вагаецца ад 6% да 41% тых, хто заразіўся.
А што пра палітыку? "Я адказвала на пытанне на прэс-канферэнцыі. Гэта не было заявай, якая датычыцца палітыкі СААЗ. Я проста хацела расказаць пра тое, што нам вядома. Гэта не значыла, што перадача ад бессімптомных носьбітаў віруса паўсюдна адбываецца вельмі рэдка", — дадае ван Керкховэ.
Гэта ўжо не першы раз, калі беларускае тэлебачанне дэзынфармуе гледачоў, вырываючы фразы чыноўнікаў СААЗ з кантэксту. Так, дзяржСМІ ў сакавіку сказілі словы генеральнага дырэктара СААЗ Тэдраса Адхана Гебрэесуса пра "бескарыснасць каранціну". Але папраўдзе кіраўнік СААЗ не казаў, што самаізаляцыя і каранцін бескарысныя і неэфектыўныя. Сэнс яго выступу зводзіўся да таго, што самі па сабе гэтыя меры эпідэмію не пагасяць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.