Ці мае сэнс рабіць экспрэс-тэсты на COVID-19? Спыталі ў доктаркі

Ці добрыя экспрэс-тэсты?

Ці добрыя экспрэс-тэсты? / pixabay.com

Пакуль у многіх краінах свету зноў расце захворвальнасць на каранавірус, у Беларусі пацыентаў амаль не правяраюць на яго. Адзіныя магчымасці даведацца, ці хварэеце вы, — звярнуцца ў прыватную лабараторыю ці купіць экспрэс-тэст у аптэцы. Але ці мае гэта сэнс?

Еўрарадыё паразмаўляла пра плюсы і мінусы экспрэс-тэстаў з доктаркай, а таксама даведалася, ці нармальна тое, што ў беларускіх паліклініках перасталі рабіць тэсты на кавід.

 

У якім выпадку варта рабіць экспрэс-тэст?

На думку педыятаркі Маі Церакулавай, тэст на каранавірус мае сэнс рабіць толькі ў тым выпадку, калі яго вынік можа нешта змяніць для чалавека.

— Напрыклад, калі хтосьці жыве з пажылым чалавекам, і трэба будзе абмяжоўваць кантакты. Ці ведае пра не найлепшы стан свайго здароўя і будзе насцярожана ставіцца да сябе і хутчэй зможа звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Тэст мае сэнс праводзіць, калі ён нейкім чынам паўплывае на далейшую тактыку пацыента.

Церакулава таксама лічыць, што правядзенне ці неправядзенне тэсту ў паліклініцы ніяк не ўплывае на рэкамендацыі, якія дае доктар.

— Для доктара вынікі тэсту не маюць ніякага значэння. Каранавірусная інфекцыя спецыфічнага лячэння не мае, і ўсё лячэнне будзе сімптаматычным. І цяпер, паводле сучасных пратаколаў, кавід цалкам лечыцца амбулаторна, як і шэраг іншых рэспіраторных інфекцый.

 

Калі лепш за ўсё рабіць тэст?

Але калі чалавек усё ж прыняў рашэнне зрабіць тэст, то эфектыўней за ўсё яго рабіць з моманту з'яўлення першых сімптомаў і цягам тыдня.  

— Як толькі западозрылі сімптомы — можаце ісці і рабіць тэст. Па заканчэнні тыдня арганізм ужо пачынае змагацца з вірусамі, і тэст можа быць памылкова адмоўны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі