Французскія таксісты напужалі ўдаву Курта Кабэйна
У сваім Twitter Кортні Лаў напісала шэраг “панічных” пастоў і абклала мацюкамі прэзідэнта Франсуа Аланда.
Не паспела Кортні Лаў выехаць на аўтамабілі з парыжскага аэрапорта, як дарогу ёй перагарадзілі французскія таксісты, якія пратэстуюць супраць сэрвіса Uber.
“Наша аўто ачапілі, а кіроўцу ўзялі ў закладнікі. Яны разбураюць машыны жалезнымі бітамі. Гэта што, Францыя? У Багдадзе і тое было бяспечней...", — напісала рок-вумэн. Далей рушыў зварот да прэзідэнта Францыі спадара Аланда: "Гэта ў вас легальна, атакаваць тых, хто прыязджае? Давай-ка, п****й у аэрапорт прама цяпер!".
У выніку гісторыя Кортні Лаў скончылася шчасліва: яна дала грошай матацыклістам, якія вывезлі яе і яе сяброў з парыжскага “пекла”, хоць за імі “гналася банда таксістаў” і кідалася камянямі. А паліцэйскія, якіх Кортні і кампанія сустрэлі на шляху, ігнаравалі яе аповед.
Парыжскія пратэсты супраць сэрвіса Uber, які згодна з меркаваннем Нацыянальнага прафсаюзу таксістаў, наносіць сур’ёзны ўрон іх бізнесу, перараслі ў актыўную фазу на гэтым тыдні. У чацвер таксісты практычна блакавалі Парыж, пасля чаго мірная акцыя хутка пераўтварылася ў беспарадкі.
Каб неяк стабілізаваць сітуацыю, МУС загадала таксістам Uber не з’яўляцца на вуліцах гарадоў у бліжэйшы час. Калі ж яны не падпарадкуюцца прыказу, могуць быць арыштаваныя. Прэзідэнт Францыі ў сваю чаргу хоць і незадаволены беспарадкамі, аднак кажа, што разумее пачуцці пратэстоўцаў.
Паводле zvuki.ru
Фота: ru.tsn.ua