Фрыдман: Ціханоўскай няма чаго саступаць сваю ролю "каліноўцам"

Святлана Ціханоўская падчас выступу ў Камітэце па знешніх справах Еўрапарламента / t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская падчас выступу ў Камітэце па знешніх справах Еўрапарламента / t.me/tsikhanouskaya

У палка Каліноўскага складаныя адносіны з Офісам Святланы Ціханоўскай. Полк не ідзе на супрацоўніцтва, а нядаўна ўвогуле заявіў пра палітычныя амбіцыі. У некаторых нават узнікаюць пытанні, ці не варта Ціханоўскай далучыцца да “каліноўцаў”, а не наадварот?

Тут трэба улічваць, якія магчымасці ёсць у палка Каліноўскага і што будзе з палітычнай вагой Ціханоўскай, калі яе Офіс стане філіялам пры “каліноўцах”, адзначае гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандар Фрыдман.

Уявім сабе сітуацыю, што Украіна дамаглася сваіх мэтаў у вайне. А што будзе далей? У далейшым нейкія дзеянні “каліноўцаў” магчымыя толькі з сур’ёзнай падтрымкай украінскага боку. Калі гэтай падтрымкі не будзе, то зрабіць нешта самім будзе вельмі цяжка. Таму залежнасць [“каліноўцаў” ад Укріаны. — Еўрарадыё], безумоўна, прысутнічае.

Так, “каліноўцы” кажуць, што сёння мы змагаемся за Украіну, а галоўная наша мэта — Беларусь. Пакуль змаганне за Украіну не скончанае. І хто ведае, колькі яшчэ яно будзе працягвацца і які будзе вынік?

Эксперт згодны, што падтрымка “каліноўцаў” сярод беларусаў расце. Але і ў Ціханоўскай ёсць моцныя бакі.

Людзям падабаецца, што “каліноўцы” змагаюцца за Украіну і такім чынам Беларусь прысутнічае ў гэтай вайне не толькі ў якасці рэжыму Лукашэнкі як саагрэсара, але і ў якасці беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца за існаванне Украіны. Гэта тычыцца тых, хто сімпатызуе “каліноўцам”.

У Ціханоўскай і ў яе Офіса ёсць іншае — вядомасць на Захадзе. Для заходніх краінаў Ціханоўская з’яўляецца рэпрэзентантам беларускага дэмакратычнага руху. Звычайна, калі на Захадзе з’яўляюцца публікацыі пра Беларусь, пра сітуацыю ў Беларусі, амаль заўсёды там таксама ёсць меркаванне Ціханоўскай, або Латушкі, або Вячоркі. То-бок людзей, звязаных з Офісам. Гэта ў іх ёсць. І таму калі яны стануць проста філіялам “каліноўцаў”, то яны гэтую папулярнасць, вядомасць і значнасць на Захадзе страцяць. І яны, зразумела, гэтага не жадаюць, — рэзюмуе Аляксандар Фрыдман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі